Шчыруюць у полі працаўнікі Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці

Актуальное Заботы сельские

— Удзельнікі жніва нашай навучальнай установы — гэта дружная каманда, якой умела кіруе загадчыца вучэбнай гаспадаркі Валянціна Захарава. Калі здараюцца паломкі тэхнікі — хлопцы не кідаюць адзін аднаго, дапамагаюць, імкнуцца працаваць не кожны за сябе, а на агульны вынік, — задаволена расказвала дырэктар Полацкага дзяржаўнага ліцэя сельгасвытворчасці Ірына Кісялёва.

Сёлета навучальнай установе належыла ўбраць збожжавыя і зернебабовыя з плошчы 397 гектараў. Калі мы сустрэліся з удзельнікамі жніва-2020, дзяржзаказ быў выкананы: здалі 20 тон рапсу, 46 тон пшаніцы і 50 тон жыта.

Гэтая навучальная ўстанова адзіная ў нашым рэгіёне, якая, акрамя арганізацыі навучальнага працэсу, працуе як невялікае сельгаспрадпрыемства. У ліцэі ёсць камбайны, аўтамабілі, розныя агрэгаты для апрацоўкі глебы. І, безумоўна, спецыялісты, якія адчуваюць сябе гаспадарамі на ліцэйскіх землях.


— Нашы палі — не самыя лепшыя па ўрадлівасці глебы, — расказвае дырэктар ліцэя. — Але і гэту зямлю трэба апрацоўваць. Мы імкнемся своечасова ўносіць угнаенні, захоўваць культуру земляробства, пры вырошчванні збожжавых прытрымліваемся тэхналогіі. Сёлета аддача ад хлебнай нівы звыш 25 цэнтнераў з гектара. Залаты ўраджай сушым на сваім комплексе.

Другі год запар працуюць на камбайне бацька з сынам Ігар і Андрэй Амельчукі. Старэйшы добра разбіраецца ў тэхніцы, на яго вопыт і веды спадзяецца ўся каманда вучэбнай гаспадаркі. «Свой камбайн нікому не аддаю, ён толькі мяне слухаецца, — пажартаваў працаўнік. І дадаў: «Сын стараецца, ужо многае ўмее, у бацьку пайшоў!»
На другім камбайне працуюць Вадзім Ласеня і Дзяніс Сапель. Абодва яны — былыя выпускнікі ліцэя, потым вучыліся ў Гарадоцкім тэхнікуме. На адвозцы збожжа працуюць Дзмітрый Сямёнаў і Васіль Чумак. Гэтыя мужчыны ведаюць толк у хлебаробскай справе.


«Наша вучэбная гаспадарка — у руках прафесіяналаў, — упэўнена дырэктар ліцэя. — Праца на зямлі — пачэсная справа, гэта мы добра разумеем самі і гэтаму вучым нашых ліцэістаў, большасць якіх пасля атрымання адукацыі працуе ў галіне сельскай гаспадаркі».

Фото аўтара.