У Полацкім раёне адбылася значная падзея: сельгаспрадпрыемствы распачалі веснавую сяўбу. Па стану на ўчарашнюю раніцу пасеяны яравыя зерневыя і зернебабовыя на плошчы 750 га (план — 20 800 га). Добры тэмп у працы набралі філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» (пасеяна 132 га) і УП «Палімір-Агра» (пасеяна 122 га). На лідараў пасяўной-2014 раўняюцца хлебаробы іншых гаспадарак.
Ва ўрачыстай абстаноўцы пашчасціла пачаць сёлетнюю сяўбу механізатарам філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». У аўторак ва ўрочышчы Фальварак выстраіліся ў лінейку трактары з сеялкамі. У госці да вясноўцаў прыехалі старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, кіраўнікі гаспадарак з усяго раёна, настаяцель Свята-Пакроўскай царквы г.Полацка, протаіерэй Уладзімір Рацьковіч, пеўчыя з гэтай царквы і гурт «Голас спадчыны» Багатырскага СДК.
Кіраўнік раённай улады Мікалай Шаўчук адзначыў, што на кожную добрую справу трэба прасіць блаславення ў Бога. Пасяўная кампанія ў Полацкім раёне ўжо 7-ы год запар пачынаецца з малітвы. Як паказаў час, захаванне гэтай традыцыі прыносіць плён.
Айцец Уладзімір правёў урачысты малебен, падчас якога ўдзельнікі некалькі разоў пакланіліся зямельцы-маці, папрасілі ў Бога спрыяльнага надвор’я і добрага ўраджаю. Свяшчэннаслужыцель акрапіў святой вадой удзельнікаў абрада «Засеўкі» і сельскагаспадарчую тэхніку, пажадаў усім поспехаў у працы і дапамогі Божай.
Галоўны аграном філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Ганна Грышкевіч адзначыла, што кіраўніцтва філіяла «Вясна-энерга» запланавала задзейнічаць у пасяўной 27 адзінак тэхнікі. Ім належыць засеяць зернебабовымі плошчу 1000 га, крыжакветкавымі 250 га, бульбай — 60 га і агароднінай — 115 га.
Удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства падзівіліся на абрад «Засеўкі», які падрыхтавалі запрошаныя артысты. Госці і прысутныя механізатары ўзгадалі, як сеялі зерне нашы продкі. Гаспадар ішоў па полі з сітам, сеяў, а гаспадыня побач ставіла вешкі. Артысты сталі ў карагод, выканалі цудоўныя беларускія песні. Зычны голас кіраўніка гурта «Голас спадчыны» Веры Пісюковай разносіўся далёка па наваколлі…
Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук адзначыў, што пасяўную запланавана завяршыць за 10 дзён. Гэта вельмі адказная пара для хлебаробаў, але яна даўно перастала быць бітвай за ўраджай. Уся праца загаддзя плануецца, рыхтуюцца тэхніка і насенне, уносяцца ўгнаенні, вырашаюцца пытанні па забеспячэнні палівам і кадравыя. Праца механізатараў наладжана ў дзве змены, для іх арганізавана двухразовае харчаванне. Сёлетняя пасяўная — першая, якую пасля аб’яднання ў адну адміністрацыйную адзінку Полацка і Полацкага раёна сяльчане і гараджане пачынаюць разам. Мікалай Шаўчук бачыць у гэтым толькі плюс, ён выказаў упэўненасць, што разам, дружна жыхары полацкага краю хутка справяцца з пастаўленымі задачамі.
Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.