Сельгаспрадпрыемствы Полацкага раёна актыўна рыхтуюцца да вясенне-палявых работ

Заботы сельские

У сельгасарганізацыях Полацкага раёна поўным ходам ідзе падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ. Вясна можа напаткаць земляробаў знянацку і, як часта бывае, спытаць за падрыхтоўку да яе строга.

Пра тое, што ва ўсіх гаспадарках ёсць адрамантаваныя культыватары, плугі і сеялкі і ў значнай пасяўной кампаніі 2019 года прыме ўдзел 95% тэхнікі, якая маецца, расказаў намеснік начальніка аддзела па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Полацкага райвыканкама Яўген Антоненкаў.


Ужо з 1 сакавіка гаспадаркі пачнуць па чарзе праходзіць абавязковую працэдуру — дзяржаўны тэхагляд. Гэтая акаліч­насць падштурхоўвае рамонтнікаў працаваць хутчэй.

У мехмайстэрні вытворчага ўчастка «Банонь-Агра» сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк» начальнік участка Юрый Антоненкаў і выконваючы абавязкі загадчыка мехмайстэрні Васіль Астроўскі расказалі, што ў пасяўной кампаніі будуць браць удзел дзве сеялкі, якія ўжо адрамантаваны. Хутка стануць у лінейку гатоўнасці яшчэ тры трактары.

— У лінейку гатоўнасці паставілі адрамантаваную тэхніку філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», філіял «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Новыя Гараны» і УП «Полацк-Мілк». Гэтыя гаспадаркі з большай адказнасцю ставяцца да рамонтаў. Увогуле вясной выйграюць тыя, хто захоўваў адрамантаваную з восені тэхніку. Сёлета ўведзена абавязковае патрабаванне па бяспецы — пазначыць агрэгаты спецыяльным знакам «ціхаходны транспартны сродак», а таксама ліхтарамі і святлоадбівальнымі стужкамі, — адзначыў Яўген Антоненкаў.


Зваршчык Уладзіслаў Махаеў расказаў, што працы ў яго зараз хапае. Яны з напарнікам усю тэхніку пераварылі і ў дадатак яшчэ — абсталяванне з фермы. Але быць занятым маладому працаўніку падабаецца. Ён жыве ў Рудні, у «Банонь-Агра» працуе ўжо амаль тры гады пасля заканчэння Полацкага ліцэя сельгасвытворчасці. Прафесію выбіраў свядома, таму і на працу прыходзіць заўсёды ў добрым настроі.


У майстэрні за рамонтам «МТЗ 320» мы напаткалі яшчэ аднаго маладога працаўніка — трактарыста Уладзіміра Шалупеньку. Ён расказаў, што таксама — тутэйшы, з вёскі Равякі, вучыўся ў Полацкім ліцэі сельгасвытворчасці. Працаваць у сельскай гас­падарцы яму падабаецца, тым больш што побач заўсёды бацька — Анатоль Віктаравіч, які працуе на «Амкадоры».

Абодва маладыя хлопцы шчыра прызналіся, што чакаюць вясну. Безумоўна, з яе надыходам працы ў іх будзе яшчэ больш, але цяжкасці моладзь не пужаюць, а загартоўваюць.