З самага ранку мы завіталі ўчора на адно з палёў сельгаспрадпрыемства «Астроўшчына», дзе дырэктар гаспадаркі Аляксандр Ярахновіч кантраляваў, як ідзе сяўба ячменю.
Учора ў «Астроўшчыне» сеялкі працавалі на двух палях. Ва ўрочышчы «Гарбаты мост», куды мы прыехалі, сеялі ячмень сорту «Бацька», ва ўрочышчы «Усце» — зернебабовыя. Усяго на палях працавалі больш за 10 адзінак тэхнікі. Акрамя сяўбы, вялася падкормка траў.
На гадзінніку не было яшчэ і васьмі гадзін, а механізатар Аляксей Шынкевіч і вадзіцель Леанід Фролікаў, які прывёз збожжа, ужо працавалі ў полі.
— Працу імкнемся арганізаваць так, каб тэхніка была на полі з раніцы да позняга вечара, — расказваў дырэктар гаспадаркі. — Плошчы ў нас вялікія, і задачы на пасяўную — складаныя, але, спадзяюся, выканальныя. З першага дня пасяўной арганізавана гарачае харчаванне працуючых у полі. У гаспадарцы ёсць свая сталовая, і мясцовыя повары гатуюць для працавітых калег смачныя абеды.
Сёлета па рэкамендацыі Віцебскага аблвыканкама і Полацкага райвыканкама астроўшчынцы ўпершыню будуць сеяць бабовыя культуры ў чыстым выглядзе, раней сеялі толькі ў сумесі. Насенне гароху ўжо набылі, завезлі ў гаспадарку. Бабовыя ў чыстым выглядзе — гэта будучы бялок, які заменіць зімой дарагія шроты. Працаўнікі палёў разумеюць, што ўсе іх намаганні скіраваны на нарыхтоўку якаснага корму для дойнага статка гаспадаркі, таму што асноўны даход, так званыя «жывыя грошы», сяляне атрымліваюць менавіта ад малака.
Аляксандр Ярахновіч расказаў, што іх гаспадарка пакуль працуе самастойна, без інвестараў, але ў хуткім часе «Астроўшчына», як і некаторыя сельгаспрадпрыемствы Полацкага і суседніх раёнаў, далучыцца да інтэгрыраванай структуры ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў». Дапамогу ад кіраўніцтва камбіната яны ўжо адчулі: з першага дня пасяўной у гаспадарцы працуе «Кіравец» з глебаапрацоўчым агрэгатам, і механізатар, накіраваны камбінатам, — хлопец працавіты, прафесіянал. «Такая дапамога для нас вельмі адчувальная», — выказваў задавальненне Аляксандр Сяргеевіч. Ён па натуры — адкрыты, пазітыўны чалавек. Дзякаваў за дапамогу і Полацкі райвыканкам, які заўсёды гатовы аказаць гаспадарцы падтрымку.
Механізатар Аляксей Шынкевіч на сёлетняй пасяўной — не навічок. Працуе ў ДП «Астроўшчына» яшчэ з маладосці, ведае ўсе сакрэты апрацоўкі глебы, імкнецца захоўваць тэхналогію сяўбы. Сёлета ў гаспадарцы хапае ўгнаенняў. Сяўба вядзецца ў добра падрыхтаваную глебу, падсілкаваную каліем, азотам і фосфарам. «Настрой на працу — добры, пазітыўны, калі не мы, то хто за нас пасее?» — у размове з намі разважаў мужчына. І папрасіў нас хутчэй скончыць гаворку, бо трактар чакае…
Па стану на ўчарашнюю раніцу план сяўбы яравых культур у гаспадарцы быў выкананы на 24%. Дырэктар гаспадаркі запэўніў, што ўсе пастаўленыя задачы будуць выкананы, галоўнае — каб працы спрыяла надвор’е.