Напярэдадні Новага года аператар машыннага даення УП «П-С Карпекі» Алена Фурс зрабіла сама сабе прыемны падарунак.
Жанчына выйшла пераможцай абласнога спаборніцтва, арганізаванага Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК, па вытворчасці малака.
Алена Мілецьеўна з задавальненнем прымала дыплом, каштоўны падарунак і грашовую прэмію, а таксама віншаванні з нагоды поспеху ад старшыні Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандра Дабраслаўскага. Ён зычыў ёй моцнага здароўя для дасягнення новых працоўных перамог.
Алену Фурс, маці 3 дзяцей і бабулю 7 унукаў, задавальняюць умовы працы, заробак, стаўленне да падначаленых дырэктара гаспадаркі Мікалая Карасёва. Яна не стамляецца завіхацца ля сваіх рагуль.
За лістапад жанчына надаіла ад замацаванай групы з 37 кароў 30,5 тоны малака, дасягнула сярэдняга ўдою на карову за месяц 825 кг каштоўнага прадукту.
У пераднавагоднія дні дружны калектыў фермы «Карпекі» ўпрыгожыў жывёлагадоўчыя памяшканні галінкамі ёлкі дзеля распаўсюджвання прыемнага яловага водару, які станоўча ўплывае на настрой людзей і паводзіны жывёлы.
— Рэжым нашай з мужам працы на ферме не дазваляе адпачываць некалькі дзён, каровы, якіх я вельмі люблю, ужо ў 5 гадзін раніцы 1 студзеня чакалі чарговую дойку, — без шкадавання адзначыла суразмоўца.
«Для мяне галоўнае — бачыць вынікі сваёй працы і атрымліваць за яе добрыя грошы!» – падкрэсліла перадавік. На ферме яна прызначана старшай сярод калег, імкнецца быць для іх прыкладам у працы.