Пчалярства — хобі для асаблівых людзей, якія любяць ад працы атрымліваць задавальненне, упэўнены палачанін Уладзімір Лаўрыновіч. Гэты занятак патрабуе шмат часу і фізічнай сілы, але адначасова з’яўляецца адпачынкам для душы.
Знаёмства з тэхналогіяй атрымання пчалінага пачастунка ў нашага земляка адбылося ў дзяцінстве, з цягам часу перарасло ў хобі, а потым — у рамяство. Зараз ён шмат ведае і можа расказаць пра мёд і іншыя прадукты пчалярства: пылок (чысты бялок), пяргу, пропаліс і воск. Верыць і ў апітэрапію. Уладзімір навучыўся развадзіць пчаламатак, за пчалярскі стаж пазнаёміўся з рознымі пародамі пчол. Яму даспадобы працавітая і мірная карніка.
Зараз герой нашай замалёўкі — галоўны на пчальніку ДП «Астроўшчына» Полацкага раёна. Пра сёлетні мядовы ўраджай адгукаецца станоўча: «Адкачваем, мёд ёсць!».
У гаспадарцы 100 пчоласем’яў. Сонца пячэ, ля вулляў гудуць пчолы — прывычная абстаноўка, каб перавозіць рамкі, запоўненыя сотамі з мёдам, у будынак з медагонкай. З яе дапамогай адкачвае свежы, залатога колеру прадукт.
Уладзімір расказвае, што калі сын Цімафей быў маленькім, праяўляў цікавасць да невялікіх рознакаляровых домікаў, дзе жылі пчолы, але падыходзіць блізка баяўся. Гэта было на яго малой радзіме, у Міёрскім раёне. Зараз, калі хлопчык падрос, зацікавіўся працэсам атрымання мёду, воску, пяргі. «Трэба выхоўваць змену, перадаваць вопыт сыну, няхай вучыцца, лішніх ведаў і ўменняў у жыцці не бывае», — разважае бацька.
У іх доме часта размаўляюць пра пчалярства. Пчол трэба карміць, лячыць, даглядаць, каб атрымаць карысны ўраджай. Здабытым нялёгкай працай прадуктам іх сям’я ласуецца на працягу года.
Штогод Лаўрыновічы прымаюць удзел у свяце «Мядовы спас» у Полацку. Для іх гэта — зручны момант прадаць лішкі мядовага ўраджаю. Адзін год Уладзімір Лаўрыновіч быў абраны Мядовым царом — гэта была значная падзея. Пчаляры расфасоўваюць мёд перад продажам у зручныя слоікі. Гэта справа зойме вольны час сям’і і на бягучым тыдні.
Цімафей у нядзелю, 14 жніўня, падчас гандлю мёдам будзе побач з бацькам. У новым салодкім ураджаі ёсць і ягоны, хоць і невялікі, уклад. І гэтым хлопчык ганарыцца.
Сёлета Мядовы спас палачане адзначаць на плошчы Францыска Скарыны. У Полацк з’едуцца пчаляры з усіх куткоў Полаччыны і суседніх раёнаў. Ужо з 10 гадзін раніцы пачнуцца гандаль і забаўляльная праграма. Мёд новага ўраджаю па традыцыі будзе асвячацца святаром Полацкай епархіі. Запрашаем на свята за салодкім пачастункам і прадуктамі пчалярства!