Больш як пяць з паловай гадзін доўжылася 17 кастрычніка прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ. Журналісты задалі каля 30 пытанняў, якія датычыліся сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, дамоўленасцей у рамках ЕАЭС, украінскай тэматыкі…
У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел больш як 100 прадстаўнікоў СМІ з 50 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. На гэты раз яны знаёміліся з сацыяльна-эканамічным развіццём Віцебскай вобласці.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія прэс-туры журналістаў расійскіх СМІ па Беларусі праводзяцца ўжо 12 гадоў, і адзначыў іх станоўчы эфект у збліжэнні народаў дзвюх дзяржаў, развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва, узаемаразумення і добрасуседства. Закранаючы ідэалогію, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта пытанне будзе асабліва актуальнае і ў год святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Мы вырашылі пабудаваць новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па некалькіх прычынах. Людзі (асабліва моладзь) пачалі ўжо забываць пра нашу Перамогу, пра тое, якой цаной яна нам дасталася. Другая прычына ў тым, што ў нас хочуць забраць Перамогу», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
На пытанне аб тым, ці даводзілася яму за гады незалежнасці Беларусі прымаць рашэнне, якое ў далейшым магло б здавацца памылковым, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Паколькі мы выбралі тактыку «ісці ад жыцця», вырашаючы тыя пытанні, якія трэба вырашаць, мы не дапусцілі глабальных памылак і дзейнічалі, зыходзячы з абстаноўкі і сітуацыі».
Паводле слоў кіраўніка краіны, іншым часам ён праводзіў вельмі строгую кадравую палітыку. «Але, калі бачыў, што няправільна рабіў, прасіў прабачэння, нават публічна».
Павышаць пенсійны ўзрост у Беларусі з пункту гледжання эканомікі, лічыць Прэзідэнт, трэба, але людзі гэтага не хочуць. Многія паспяхова працуюць пасля дасягнення ўзросту 55-60 гадоў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля 21 года прэзідэнцтва ён спакойна ставіцца да выбрання іншага кандыдата і нагадаў аб сваім нядаўнім абяцанні не праводзіць датэрміновых выбараў: «Мне прапаноўвалі на выбары пайсці ў сакавіку, але гэта будзе несумленна». Паводле слоў кіраўніка краіны, як бы ні склалася сітуацыя, выбары адбудуцца ў кастрычніку-лістападзе 2015 года.
Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ўдалося з’яднаць нацыю. Такі пункт гледжання выказалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі беларускага лідара для расійскіх рэгіянальных СМІ.
Больш падрабязную інфармацыю чытайце ў спецыяльным выпуску БЕЛТА, прысвечаным прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі для расійскіх СМІ. Спампаваць файл .doc