Яны прывыклі працаваць адказна, дружна, не задумвацца пра поспехі, не падводзіць свайго дырэктара. Вісарыён Нам упэўнены, што складальнікі поспеху іх гаспадаркі — дакладная арганізаванасць працэсу і высокая вытворчая дысцыпліна.
Галоўны ветурач Аксана Мурашка падзялілася ўражаннямі пра свой удзел у раённым, абласным і рэспубліканскім конкурсах прафесійнага майстэрства. На апошнім этапе яна заняла ганаровае трэцяе месца, але гэтым вынікам не задаволена. Будзе імкнуцца ў будучым да першынства, яна верыць у сябе, упэўнена ў сваіх ведах. Паралельна з абавязкамі ветурача Аксана Уладзіміраўна асвоіла прафесію асеменатара. Ёй цікавы гэты напрамак, спецыяліст развіваецца ў прафесіі.
Аператар машыннага даення Ірына Карабкова працуе на ферме 23 гады. «Маці працавала ў сельскай гаспадарцы, я ўжо ў старэйшых класах давала даяркам водпускі на канікулах», — успамінала працавітая жанчына. І адзначала, што вытворчасць малака ў іх гаспадарцы знаходзіцца на належным узроўні, таму што на малако — адзін з галоўных прадуктаў жывёлагадоўлі — працуе ўвесь калектыў.
Трактарыст-машыніст Сяргей Косцюшаў сёлета высокіх вытворчых паказчыкаў дасягнуў на сяўбе яравых і азімых культур. Сяргей Канстанцінавіч не хаваў, што ганарыцца сваімі працоўнымі перамогамі.
Аператар па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы Надзея Косцюшава вельмі любіць сваіх цялушак. Яны для яе як дзеці, патрабуюць і ласкі, і ўвагі, і добрага догляду. Жанчына прыехала ў Новыя Гараны ў 2006 годзе з Шумілінскага раёна. Уладкавалася ў мясцовую гаспадарку. У яе групе 132 цялушкі. Будучыя кароўкі маюць добры апетыт, іх кормяць сенам, мукой, даюць вітаміны і нават арахіс!
Трактарыст-машыніст Аляксандр Галай падчас жніва лідзіраваў у сваёй гаспадарцы па намалоце збожжа. Працаваў старшым камбайнерам разам з Сяргеем Бараноўскім.
Сваёй працай, сабраным ураджаем, атрыманым малаком новагаранцы прымнажаюць дабрабыт роднай гаспадаркі, Полацкага раёна, вобласці, краіны.