Праект «Цікавае падарожжа Надзейкі» Полацкага РЦК працягваецца

Заботы сельские

Сёлета праект «Смачнае падарожжа Надзейкі» праходзіць пад дэвізам «Малая радзіма пачынаецца з сям’і» і наведвае дружныя сем’і, якія беражліва захоўва­юць сваю спадчыну.

Нядаўна Надзейка накіравалася ў Новыя Гараны, у госці да сям’і Мурашка.
Леанід і Аксана пера­ехалі ў Полацкі раён у 2003 годзе. Яны вучыліся разам у Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме на ветэрынарных фельчараў. Аксана — лёгкая на ўздым, у дзяцінстве сябравала са спортам, цікавілася музыкай, танцамі, спевамі. Прафесію абрала блізкую да галіны, дзе працавалі бацькі, — да сельскай гаспадаркі. А Леанід працягнуў працоўную дынастыю: ветурачамі былі яго бацька і дзядзька.


Праект «Цікавае падарожжа Надзейкі» стаў добрай нагодай, каб сабраццца разам. Леанід запрасіў у госці сваю маці Ірыну Іванаўну, прыехала дачка Кацярына, Аксана паклікала брата Аляксандра і сястру Марыну. Дарэчы, Марына таксама працуе ў сельскай гаспадарцы — заатэхнікам-селекцыянерам у філіяле «Вясна-энерга». Аксана рада, што і малодшы брат Аляксандр жыве побач і працуе ў ААТ «Новыя Гараны» вадзіцелем.

16 год муж і жонка Мурашка працуюць разам у ААТ «Новыя Гараны». Ён — галоўны ветурач, яна — ветурач і тэхнік па штучным асемяненні. Яны адказваюць за здароўе ўсяго пагалоўя буйной рагатай жывёлы, якое налічвае больш за дзве тысячы галоў. У ветурачоў двое дзяцей: дачцэ Кацярыне ўжо 18 год, яна вучыцца ў Мінску на эканаміста, а сын Аляксандр заканчвае 5 клас.


Нашы героі — аматары рыбалкі. «Нядаўна Аксана шчупака на 9 кіло 600 грамаў злавіла», — расказвае Леанід. І гатуе яна так, што пальчыкі абліжаш.
Паколькі Надзейка завітала ў госці на народнае свята Саракі, сям’я Мурашка здзіўляла гасцей сямейным печывам «Вясновыя жаваронкі». Для іх прыгатавання патрэбны мука, алей, цукар, соль, дрожджы, вада і разынкі для ўпрыгожвання. А яшчэ — цеплыня рук і любоў. Каб прывабіць сонейка, малодшы сын Саша разам з сябрамі з дзіцячага тэат­ра мініяцюр Новагаранскага СДК (кіраўнік Г.У.Карзюк) здзейснілі абрад «Саракі».


Працавітасць у сям’і Мурашка перадаецца ад пакалення да пакалення. У Новых Гаранах Аксана і Леанід рэалізавалі сябе ў прафесіі, вырасцілі дзяцей, займелі надзейных сяброў і добрых суседзяў, а галоўнае — захавалі моцныя роднасныя сувязі.

Кацярына Паўловіч, рэдактар Полацкага РЦК.