Амаль усе гаспадаркі Полацкага раёна завяршылі сяўбу збожжавых і зернебабовых яравых культур. Па інфармацыі райсельгасхарчу план выкананы на 92%.
Больш за іншых на палях шчыравалі хлебаробы філіялаў «Гараны-Агра», «Вясна-энерга», сельгаспрадпрыемстваў «Астроўшчына», «Блізніца», «Палімір-агра», э/б «Ветрынская», «Полацкі аграсервіс», якія засеялі плошчы больш за 500, 600 і нават 700 гектараў! Працаўнікам палёў яшчэ належыць пасеяць крыжакветкавыя, адналетнія травы і кукурузу.
— Шчыруем дзеля будучага ўраджаю! — расказаў пры сустрэчы механізатар вытворчага ўчастка «Банонь» сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк» Сяргей Імшанаў, які апрацоўваў глебу пад яравую сяўбу. Мужчына працуе ў гэтай гаспадарцы круглы год, аказвае шэфскую дапамогу ад інтэграванага прадпрыемства ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», у якое ўваходзіць сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк». Смак хлебаробскай працы Сяргей Імшанаў зведаў даўно, ганарыцца, што прыносіць карысць сваёй малой радзіме.
Яшчэ адзін наш новы знаёмы — Сяргей Канцыял, з ім мы сустрэліся ва ўрочышчы Собалева. Вопытны механізатар на сеялцы «СЗТМ 4Н» вёў сяўбу яравога рапсу. Плошчу 10 гектараў ён збіраўся засеяць гадзін за пяць. У гэтага хлебароба за плячыма больш за 20 веснавых кампаній, і сяўба для яго — любімая справа!
Абодва мужчыны расказалі, што для іх працы кіраўніцтва — а менавіта начальнік вытворчага ўчастка «Банонь» Юрый Антоненкаў і дырэктар сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк» Віталь Кузякоў — стварыла ўсе ўмовы: тэхніка працуе спраўна, хапае паліва, насення. Двойчы на дзень прама ў поле, на працоўнае месца прывозяць гарачыя абеды.
Іх гатуюць у сталовай у аграгарадку Рудня вопытныя повары Антаніна Астроўская і Ірына Пяткевіч. Жанчыны штодзень забяспечваюць абедамі і падвячоркамі 13 удзельнікаў пасяўной кампаніі. З павелічэннем занятых у полі гэтая лічба дасягне 20. Прадукты для абедаў закупаюцца на малочным камбінаце, на камбінаце хлебапрадуктаў, у гандлёвай сетцы «Залатая ніва». Повары ведаюць, што ўсе працаўнікі любяць дранікі, беляшы, чабурэкі на падвячорак, а ў абед усім хочацца гарачага супчыка, мяса і пажадана салата. Мы зазірнулі ў меню: там гарохавы суп, катлеты, рысавая каша, салацік з буракоў, кісель. «Абедаў не вельмі шмат, гатуем, як дома. Ведаем, што калі нашы хлопцы як след падсілкуюцца — то і працаваць будуць лепш!» — адзначыла загадчыца сталовай Антаніна Астроўская.