Хлеб яшчэ на полі. Напярэдадні выхадных — раніцой у пятніцу — у дыспетчарскую ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама паступілі звесткі, што сельгаспрадпрыемствамі раёна ўбрана крыху больш за палову пасеяных збожжавымі і зернебабовымі культурамі плошчаў. Напярэдадні, калі ішоў дождж, агульнымі намаганнямі за дзень хлебаробы раёна намалацілі ўсяго 85 тон збожжа.
Дажджлівае надвор’е аказала ўплыў на тэмпы ўборкі хлеба і на якасць збожжа. Але, нягледзячы на прычыны, перад аграрыямі стаіць задача — да апошняга каласка ўбраць з палёў хлебны ўраджай 2016 года.
У пятніцу пасля паўдня, як толькі прыгрэла сонейка і з’явілася магчымасць малаціць, выехалі ў поле камбайнеры і вадзіцелі ДП «Астроўшчына». Працаўнікі гэтай гаспадаркі план уборкі ўжо выканалі на 76 працэнтаў, пры сярэдняй ураджайнасці 23,6 ц/га намалацілі паўтары тысячы тон залатога збожжа.
Дырэктара гаспадаркі Аляксандра Ярахновіча, тры экіпажы камбайнераў і вадзіцеляў мы напаткалі ва ўрочышчы Мушына. Тут на плошчы 40 гектараў пасеяны ячмень.
— З-за дажджу пасевы кладуцца, пачынаюць прарастаць, камбайны буксуюць, — тлумачыць абстаноўку дырэктар. — Але вопыт механізатараў бярэ сваё, убіраем больш высокія ўчасткі, людзі працуюць вынікова, нікога не трэба прымушаць. Задзейнічаны на ўборцы тыя, хто сеяў, апрацоўваў глебу. Калі надвор’е спрыяе, выязджаюць у поле, як толькі спадзе раса, і працуюць, пакуль яна зноў не з’явіцца.
Працаўнікі Астроўшчыны сёлета першымі ў раёне прыступілі да ўборкі збожжавых. Гаспадарка — адна з буйных у Полацкім раёне, сяльчанам належыла ўбраць плошчу 835 гектараў. Адразу ўзялі добры тэмп 6 камбайнаў, але дождж унёс у іх планы свае карэктывы. Пачалі ўборку з азімай пшаніцы, потым падышлі ячмень і жыта. Пасля яравога ячменю — чарга яравой пшаніцы. Дырэктар гаспадаркі расказаў, што тэрыторыя ДП «Астроўшчына» — вялікая, глеба паўсюль розная, культуры паспяваюць не адначасова. Паколькі збожжа павышанай вільгаці — з поля яго вязуць спачатку на сушылку (іх тры ў гаспадарцы), а ўжо потым — на камбінат хлебапрадуктаў.
Калі мы хацелі даведацца, хто з механізатараў гаспадаркі — перадавік, Аляксандр Ярахновіч упэўнена адказаў: «Пра любога пішыце, кожны — дастойны!». Таму вырашылі сфатаграфаваць у газету ўсіх, хто ўступіў у барацьбу за ўраджай. Менавіта ў барацьбу з надвор’ем. У дні непагадзі мужчыны выязджалі ў поле на 2-3 гадзіны, каб убраць хоць нешта.
На некалькі хвілін спынілася праца. Перад намі — адказныя, працавітыя хлебаробы ДП «Астроўшчына». Мы ўбачылі нашых добрых знаёмых, з якімі сустракаемся ў полі не першы год, і зусім маладых працаўнікоў, якія робяць першыя крокі ў прафесію. Самы малодшы з іх — Ларыён Шынкевіч, памочнік камбайнера, — вучань 10 класа Шпакоўшчынскай СШ. Працуе на ўборачнай другі год. Хлопец расказаў, што з ім правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі, ён добра ведае свае абавязкі. Праца на жніве прыносіць яму задавальненне. Яшчэ адзін юнак — Яўген Смірноў. Скончыў школу ў мінулым годзе, сёлета паступіў на вучобу ў Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Але пакуль пачнецца верасень — ён паспее папрацаваць памочнікам камбайнера, зарабіць грошай на свае патрэбы. Хлопец расказаў, што прафесію хлебароба выбраў свядома, плануе з ёй звязаць свой лёс.
P.S: Калі нумар рыхтаваўся да друку, у ДП «Астроўшчына» было ўбрана 85% плошчы збожжавых культур.