Святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў рэспубліцы пачалося з адкрыцця Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу. Розгалас гэтага свята панеслі па розных краінах удзельнікі выставы — сучасныя кнігавыдаўцы.
У складзе дэлегацыі ад Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў выставе-кірмашы бралі ўдзел і палачане: сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Балдоўскі і Галіна Загурская, а таксама маладыя таленавітыя творцы з народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне», пакуль яшчэ пачаткоўцы ў літаратуры, Дар’я Прохарава і Ігар Пятровіч. Мы мелі магчымасць дэталёва пазнаёміцца з выставай і выступіць са сваімі творамі перад яе наведвальнікамі.
На беларускім стэндзе ў самых розных абліччах фігураваў наш славуты зямляк Францыск Скарына. Твар Скарыны — на каляндарах, паштоўках, сувенірных магнітах і іншай падобнай прадукцыі.
Асобнае месца было адведзена пад друкарскі станок: яго ўзнавілі па чарцяжах ХVІ стагоддзя, таму можна лічыць, што менавіта такім карыстаўся наш першадрукар. Вакол станка — копіі старонак скарынаўскіх выданняў. Адну з такіх копій можна было атрымаць і самому, падышоўшы да станка і крыху папрацаваўшы на ім пад кіраўніцтвам майстра, які яго абслугоўваў.
Жыццё Скарыны, праца Скарыны, Скарына для дзяцей, Скарына для навукоўцаў, спадчына Скарыны… — усё гэта можна было ўбачыць на выставе.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла скарбы даўніны: арыгінальную кнігу Сімяона Полацкага «Посах кіравання» 1667 года выдання, факсіміле: «Слуцкае Евангелле» 1582 года, «Баркалабаўскі летапіс», «Кніга быцця» з серыі «Кніжная спадчына Скарыны». Тут жа можна было пабачыць арыгінальныя выданні паэмы «Сымон-музыка» Якуба Коласа (1925 год), зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» (1913 год).
Выдавецтва «Тэхналогія» прадставіла на выставе вельмі прыгожую кнігу «Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі», якую стварыў творчы дуэт у складзе мастака Паўла Татарнікава і пісьменніка Уладзіміра Арлова, нашага земляка.
«Мастацкая літаратура» экспанавала кнігу «Маем найбольшае самі» з верлібрамі Алеся Разанава, у якіх ён перастварыў прадмовы Францыска Скарыны да сваіх выданняў.
Свята кнігі працягваецца…
Галіна Загурская, сябра Саюза пісьменнікаў
Беларусі, рэдактар народнага літаратурнага
аб’яднання «Наддзвінне».