Райкам прафсаюза работнікаў АПК Полацкага раёна штогод садзейнічае сельгаспрадпрыемствам у правядзенні вясенне-палявых работ. Сёлета таксама адпаведна с прынятай пастановай райкам прафсаюза арганізаваў працоўнае спаборніцтва, па выніках якога перадавікі сяўбы атрымаюць Падзячныя лісты.
У полі зроку прафсаюза — забеспячэнне ўдзельнікаў веснавой сяўбы сродкамі індывідуальнай аховы, медыцынскімі аптэчкамі і гарачым харчаваннем. Менавіта абеды ў палявых умовах кантраляваў райкам прафсаюза АПК на мінулым тыдні.
У панядзелак мы разам з лідарам райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Дабраслаўскім завіталі ва ўрочышча Федаценкі сельгаспрадпрыемства «Зялёнка». У полі праца ішла шпарка. На плошчы 90 га механізатары сеялі авёс.
— Глеба пакуль яшчэ не зусім высахла, ёсць вымачкі, — расказвалі Аляксей Сінягоўскі, Валерый Пашкевіч, Віктар Завядзееў і Аляксандр Марчанка. Усе яны — працаўнікі вопытныя, удзельнічаюць у адказнай пасяўной кампаніі не першы год. Двое з іх накіраваны з Полацка — ад прадпрыемстваў-шэфаў — з ДЭУ-32 і ПМС.
Пакуль мы размаўлялі, са школьнай сталовай прывезлі абед. «Галоўнае, што супчык — гарачы!» — задаволена адзначалі працаўнікі і выбіралі зручнае, сухое месца на абочыне дарогі, каб сесці паабедаць. У той дзень ім прывезлі суп на мясным булёне, грэцкую кашу з гуляшом ды чай. На свежым паветры апетыт у мужчын быў адменны. Яны ў полі з самай раніцы, апоўдні — самы час падсілкавацца. Пасля абеду кожны атрымаў яшчэ і падвячорак — сухі паёк, каб працавалася весялей да позняга вечара.
У гэты ж дзень мы «праведалі» працаўнікоў сельгаспрадпрыемства «Палата». Адзіная ў гаспадарцы сеялка працавала ва ўрочышчы «Узніцы». Механізатары сеялі грэчку. «Палата» ў Полацкім раёне лічыцца мядовай сталіцай, таму культуры-меданосы тут сеюць пастаянна. На поле прыехала і дырэктар гаспадаркі Лідзія Батура.
Механізатары расказалі, што на палях паўсюль — вымачкі, але чакаць, калі яны высахнуць, — часу няма.
— Абеды для працаўнікоў поля гатуе пенсіянерка Зінаіда Трапянок, — расказала дырэктар гаспадаркі. — Жанчына вельмі стараецца, стравы атрымліваюцца смачныя, дамашнія.
У той дзень на абед быў гарачы гарохавы суп, дранікі з мясам і чай.
— За некалькі дзён, пакуль сеем, мы ўжо прывыклі да смачнай гарачай ежы, — задаволена расказвалі Віктар Каваленка, Яўген Казлоў і Міхаіл Смыкаў. Ім пасля сытнага абеду працуецца значна весялей.
З сейбітамі на полі заўсёды побач і намеснік дырэктара па вытворчых пытаннях Уладзімір Батура. Веснавая сяўба тут вядзецца пад кантролем — каб захоўваліся тэхналагічныя нарматывы вырошчвання культур.