«Полацкі веснік» адсвяткаваў 101 дзень нараджэння

Общество

На залітых сонцам вуліцах і праспектах Полацка пануе вясна… А на календары — асаблівая для калектыву «Полацкага весніка», яго чытачоў і сяброў дата — «17 красавіка». Наш своеасаблівы рубеж, крок, які азначае, што першы год новага стагоддзя ў жыцці любімай газеты ўвайшоў у гісторыю. Пачынаем другі! 

На старонках газеты мы пішам летапіс роднага краю. У гэтых радках — творчых і афіцыйных — падзеі і лёсы, будні і святы, задачы, памкненні, працоўныя здабыткі і перамогі палачан у самых розных сферах. Супрацоўнікі газеты — таксама сыны і дочкі сваёй малой радзімы. Таму мы імкнемся ўнесці свой уклад у яе росквіт і развіццё. І не толькі прафесійнымі справамі. У мінулагоднім красавіку да юбілею газеты мы разам з сябрамі высадзілі ў Полацку невялічкую алею.

Два дзясяткі туй ля скрыжавання вуліц Гагарына і Кастрычніцкай пусцілі свае карані, перажылі зіму і разам з намі сустракаюць чарговы дзень нараджэння «Полацкага весніка». Так-так, мы — разам! Разам з нашым любімым горадам, з нашымі дрэўцамі, з вамі, паважаныя чытачы, сябры і дарадцы, падпісчыкі і аўтары. І ў гэтым ёсць вялікі сэнс і шырокія далягляды магчымасцяў, трывалы падмурак для штодзённай будоўлі будучыні і невычэрпная крыніца натхнення.

Святлана Чаркоўская, галоўны рэдактар газеты «Полацкі веснік»:
— Добрыя традыцыі трэба захоўваць, працягваць і прымнажаць. Будзем берагчы нашу алею, якая стала для калектыву газеты сімвалам вясны, росквіту і абнаўлення ў нашым жыцці і ў журналісцкай справе.

…Напярэдадні 101-га дня нараджэння газеты мы ўзялі гаспадарскія прылады і наведалі нашу алейку, падправілі калочкі, падсадзілі пару раслінак, выказалі падзяку полацкім друкарам, якія дапамагалі даглядаць «пасадкі». Нават памерылі рост дрэўцаў — сёлета яны каля 40 см. І — падзяліліся марамі пра тое, як праз дзесятак-другі гадоў на гэтым месцы будзе яшчэ адзін прыгожы зялёны полацкі куточак с высокімі зграбнымі туямі… Няхай разам з горадам расце, квітнее і ўпэўнена крочыць па жыцці і наша родная газета «Полацкі веснік». У добры шлях!