Штогод у межах міжнароднай выставы «Белагра» праходзіць конкурс «Лепшая племянная карова малочнай пароды». Да гонару палачан, у ім ужо 7 год запар прымаюць удзел рагулі з Полацкага раёна. Не стаў выключэннем і сёлетні чэрвень.
Пакараць подыум каровінай прыгажосці ў Мінскі раён накіраваліся дзве каровы з племянных гаспадарак «Новыя Гараны» і філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Сёлета абедзве полацкія каровы другой і трэцяй лактацыі вярнуліся дамоў з дыпломамі ІІІ ступені. Вынікамі конкурсу задаволены кіраўнікі гаспадарак і жывёлаводы, якія выгадавалі і даглядаюць прызёрак.
Адна з удзельніц конкурсу па мянушцы Бярозка нарадзілася ў Новых Гаранах. Выхоўвалася на ферме «Шацілава». Загадчыца фермы Надзея Лешчанка расказала, што ўжо 6 год запар менавіта з іх фермы выбіраюцца ўдзельніцы каровіных агледзінаў. У папярэднія гады ў конкурсах удзельнічалі каровы аператараў машыннага даення Вацлавы Загваздзінай, Наталлі Каваленка, Ірыны Башун, Раісы Есяпёнак і Алены Малахоўскай. Як правіла, у конкурсах удзельнічалі самыя лепшыя каровы, яны вылучаліся прыгажосцю і высокай прадукцыйнасцю.
Якая яна, Бярозка, удзельніца сёлетняга конкурсу? Прыгожая, з характарам, дае малака 40 літраў у суткі! Да дальняй паездкі яе рыхтавалі нібы маладую да вяселля: мылі, стрыглі, нават хвост пафарбавалі! Атрымалася сапраўдная прыгажуня!
Мянушка другой полацкай удзельніцы конкурсу — Валнушка. Гэта кароўка ўтрымліваецца на робатызаванай ферме «Заскаркі» філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга».
— Мы выбралі для конкурсу менавіта Валнушку, таму што яна сярод кароў трэцяй лактацыі лепш за іншых адпавядае генетычным патрабаванням галшцінскай пароды, — адзначыла галоўны заатэхнік філіяла Валянціна Троцкая. — Валнушка вельмі прыгожая карова, высокая, мае характар. У суткі дае 45,5 літра малака!
У Мінск полацкіх каровак суправаджалі жывёлаводы, да якіх яны прывыклі. Ветурач-тэхнік штучнага асемянення ААТ «Новыя Гараны» Аксана Мурашка расказала, што абедзве нашы каровы некалькі дзён паводзілі сябе добра, а па подыуме крочылі з высока ўзнятымі галовамі!
Штогод выставу «Белагра» наведвае дырэктар гаспадаркі «Новыя Гараны» Вісарыён Нам.
На што звяртае ўвагу журы пры налічэнні балаў прэтэндэнткам на перамогу? За знешні выгляд і прадукцыйнасць! Іграе ролю колькасць удояў, якасныя паказчыкі малака: бялок і высокая тлуснасць. Кожнай карове выстаўляліся балы па 18 параметрах!
— Канешне, прэстыжна прымаць удзел у такім масавым форуме, — адзначыў ён. — Ад Віцебскай вобласці ў конкурсе бралі ўдзел 4 каровы, і адна з іх — наша! Хоць падрыхтоўка да конкурсу і праца на ім — дадатковы клопат, але вопыт удзелу ў такім мерапрыемстве вельмі карысны для нашых спецыялістаў.
— Уявіце, які прэстыж для раёна і гаспадарак: нашы каровы канкурыруюць з жывёламі, якія ўтрымліваюцца на буйных племзаводах краіны! — не хавала захаплення галоўны заатэхнік філіяла «Вясна-энерга» РУП Віцебскэнерга» Валянціна Троцкая.
Дырэктар Полацкай райплемстанцыі Наталля Гарчакова падзякавала кіраўніцтву полацкіх гаспадарак за ўдзел у конкурсе, жывёлаводам за добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў. Агульнымі намаганнямі Полацкі раён прагучаў на рэспубліканскім узроўні з найлепшага боку.
Вопыт удзелу ў прэстыжным конкурсе паказаў, што здароўе жывёл з-за гэтага не пагаршаецца. Пасля паездкі ў сталіцу Бярозка і Валнушка пэўны час будуць утрымлівацца на каранціне, а потым вернуцца на свае фермы.