Калі вы любіце жывёл і вам блізкі такі жанр у выяўленчым мастацтве, як анімалізм, то запрашаем наведаць выставу «Побач», якая адкрылася ў Прыродна-экалагічным музеі.
Аўтарамі незвычайных работ з’яўляюцца мінскія мастакі Андрэй Равякоў і Алена Равякова-Кашаленка. Андрэй — выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Удзельнічае ў розных калектыўных рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Працуе пераважна ў жанры станковага жывапісу. Алена, у сваю чаргу, скончыла Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і таксама вучылася ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З’яўляецца ўдзельніцай рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Працуе ў жанрах жывапісу, графікі і аўтарскай цацкі. У творчым тандэме майстры працуюць апошнія некалькі гадоў.
У экспазіцыі выставы — больш за 30 твораў, зробленых у розныя гады ў жанры анімалістыкі. Агульная тэма сувязі чалавека з прыродай аб’яднала творчасць сучасных беларускіх мастакоў. Яна блізкая ім дваім і абумоўлена цікавасцю да жывой прыроды, а больш за ўсё — да свету фаўны.
— Аўтары ў сваіх работах праводзяць паралелі паміж жывёлай і чалавекам. Творы раскрываюць у гледачах нешта новае, нейкі новы погляд на сябе, іншых, мір, — дзеліцца Наталля Міхаль, загадчык Прыродна-экалагічнага музея.
Анімалістыка — адзін з самых старажытных жанраў мастацтва. Да нас дайшлі выявы жывёл яшчэ часоў палеаліту — строга кажучы, менавіта з іх пачалася ўся гісторыя выяўленчага мастацтва: наскальныя малюнкі, мастацтва старажытнага Егіпта, Персіі, Індыі, Месапатаміі, Старажытнай Грэцыі, Рыма і мастацтва скіфаў. Далей, у эпоху Адраджэння, мастакі звярталіся да гэтай тэмы і пісалі партрэты людзей з жывёламі, жанравыя сцэны і саміх жывёл у якасці цэнтральных персанажаў.
Быць мастаком-анімалістам не так лёгка. Трэба, каб асноўны аб’ект — жывёла — быў намаляваны не проста буйным планам, але і дакладна. У сваіх карцінах мастакам удалося перадаць характар кожнай жывёлы. І зусім не важна: манахромны гэта малюнак або каляровы.
Для работ Андрэя Равякова і Алены Равяковай-Кашаленка характэрны эстэтычны складнік, павага да плоскасці, двухмернасці, фактуры, выразнасць выяў, высокае валоданне маляўнічымі і графічнымі тэхнікамі, рэалістычная манера выканання, каларыстычная і стылістычная гармонія.
Прыродна-экалагічны музей запрашае палачан і гасцей горада адкрыць для сябе тэму анімалізму. Выстава працягнецца да 27 жніўня.