Полацкі музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адзначыў 20-годдзе з часу адкрыцця

Культура

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адзначыў 20-годдзе з часу адкрыцця. Многа гэта ці мала? Напэўна, істотнай тут будзе не згаданая лічба, а маштаб зробленага.

Музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў у снежні 1998 года ў будынку па вуліцы Вой­кава, 1, які з’яўляецца помнікам архітэктуры канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя. У сярэдзіне 1990-х гадоў на аснове навуковых даследаванняў былі праведзены рэстаўрацыйныя работы. Аўтар праекта рэстаўрацыі будынка Жанна Пасадская. Экспазіцыя, што змясцілася ў трох залах, асвятляе традыцыйны працэс стварэння тканых вырабаў ад пасадкі лёну да атрымання гатовага вырабу праз каляндарны цыкл пераўтварэння прыроды. Дзякуючы фальклору, абрадам, звычаям, раскрываецца вялізны культурны пласт, які нясе ў сабе ткацтва — адзін з самых старажытных і распаўсюджаных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


Стрыжнем экспазіцыі лічыцца Сусветнае дрэва. Гэты матыў сімвалізуе бяс­концае жыццё і вечнасць. Дрэва — адмысловае звяно, што злучае чалавека і Сусвет. Карані Дрэва ка­жуць пра вырошч­ванне лёну і яго першасную апрацоўку. Ствол сімвалізуе працэс стварэння тканіны, а крона апавядае пра таямнічы свет сімвалаў і знакаў, якія адлюстраваны ў легендах і паданнях. Рознакаляровыя ўзоры ў арнаментах рушнікоў, посцілак, адзення ўяўляюць сабой зашыфраваныя пасланні продкаў і далучаюць наведвальніка да ўнікальнай спадчыны традыцыйнай беларускай культуры.

Музей распавядае пра асаблівасці ручнога ткац­тва канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя на Па­азер’і — гэта значыць, у Полацкім, Глыбоцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Докшыцкім раёнах Віцебскай вобласці. Аўтарам навуковай канцэпцыі стала Надзея Філатава, аўтарам мастацкага рашэння — Сяргей Дзмітрыеў.

Аматарам даўніны, аўтэнтычных беларускіх спеваў і традыцыйных гульняў і танцаў музей прапануе паўдзельнічаць у фальклорных святах: Калядах, Гуканні Вясны, Валачобніках, Багачы. Наведвальнікі могуць прыняць удзел у святочных мерапрыемствах і народных забавах.


Ля вытокаў стварэння музея стаяла яго першы загадчык — Н.В.Філатава. Вельмі актыўны, захоплены справай чалавек, На­дзея Валянцінаўна ўлетку арганізоўвала этнаграфічныя экспедыцыі ў вёскі, каб знайсці прадметы, што сёння складаюць пастаянную экспазіцыю. Яна па драбніцах збірала рарытэтныя рэчы хатняга побыту і вясковага ўжытку, аб’ядноўваючы цікавых людзей, і менавіта дзякуючы ёй сёння існуе такі адзіны ў нашай краіне музей.


Сёння Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я запрашае на разнастайныя (аглядавыя і тэматычныя) экскурсіі, на батлеечны спектакль, праводзіць шматлікія музейна-педагагічныя заняткі. Каб госці зразумелі і ўявілі сабе два асноўныя моманты працэсу падрыхтоўкі пражы да ткацтва, у экспазіцыю ўведзены інтэр­актыўныя прыёмы — снаванне і праца за кроснамі.

Аксана Козел, загадчык музея.