Полацкі Цэнтр рамё­стваў запрасіў гасцей на шоу-праграму

Главное

Полацкі раённы Цэнтр рамё­стваў і нацыянальных культур на днях запрасіў гасцей на шоу-праграму «Час цудаў або чароўная скрыня Дзеда Ма­роза».

І, як заўсёды, — калектыў установы сустрэў усіх сваіх сяброў цёпла, гасцінна і творча! Былі вакальныя, танцавальныя і літаратурныя падарункі, сустрэчы з казачнымі героямі, цудоўныя пераўтварэнні, смех і жарты, а таксама — падзякі за майстэрства, цікавыя знаходкі ў падрыхтоўцы навагодніх праектаў і сяброўскую падтрымку на працягу мінулага года. А колькі віншаванняў — з Новым годам і Раством — прагучала на гэтай па-хатняму ўтульнай сустрэчы!

Сваёй творчасцю радавалі гледачоў музычны калектыў «Рунь», народны камерны духоўна-патрыятычны ансамбль «Спадчына», народны ансамбль беларускай песні і музыкі «Полацкія россыпы», гурткі лепкі з гліны і аплікацыі з саломкі, народны клуб майстроў «Род­насць», народны клуб майстроў і мастакоў «Майстар», а таксама народны клуб шыцця з абрэзкаў тканіны «Рошва», падарункам ад якога стала дэфіле снудаў і сумак. І госці ад душы дзякавалі ўсім апладысментамі. Запал і майстэрства ўдзельнікаў «Полацкіх россыпаў» нават выклікалі ў гасцей шчырае «Брава!».

IMG_7053 Фото А.Марцинкевича

365 шчаслівых дзён у новым годзе пажадаў прысутным кіраўнік народнага літаб’яднання «Наддзвінне» Мікалай Балдоўскі. Ён настроіў публіку на лірычную хвалю разам з аднадумцамі — Галінай Загурскай, Ірынай Еўдакімовіч, Ліліяй Чарняўскай, Феакцістам Фядотавым, Пятром Буганавым і Уладзімірам Куцам. Асаблівыя сардэчныя пачуцці і лагодныя ўсмешкі слухачоў выклікалі вершаваныя радкі Уладзіміра Куца, у якіх аўтар выказаў захапленне талентамі дырэктара Полацкага раённага ЦРНК, яго супрацоўнікаў, майстроў і творчых калектываў.

Зразумела, не абыйшлося ў гэты студзеньскі дзень і без візіту Дзеда Мароза, які прыхапіў з сабой чароўную скрыню. Снежнага дзядулю, дарэчы, клікалі ўсе разам, з задавальненнем адчуваючы ў гэты момант подых шчаслівага дзяцінства. Усім — дарослым і дзецям — цікава было назіраць за развіццём казачнага сюжэта з прыгодамі, над стварэннем якога старанна папрацаваў творчы калектыў Цэнтра. Смяяліся з хітрыкаў Бабы Ягі, разгадвалі з ёй загадкі, чакалі Снягурку… І кожная хвіліна вечарыны была напоўнена любоўю, дабрынёй і радасцю. Такое вось гэта чароўнае месца ў нашым горадзе — Полацкі раённы Цэнтр рамёстваў і нацыянальных культур. А падзякай усім, хто ўкладае часцінку душы ў стварэнне такой атмасферы і шчодра дзеліцца каштоўнымі пачуццямі і творчымі падарункамі, сталі Дыпломы з той самай, чароўнай скрыні Дзеда Мароза. На развітанне Дзед Мароз і Снягурка пажадалі ўсім, каб добрыя цуды здараліся ў жыцці не толькі ў святочныя дні, але і на працягу года. Няхай так і будзе!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *