Напярэдадні Дня Перамогі — 7 і 8 мая — па аграгарадках і вёсках Полацкага раёна — усюды, дзе ўстаноўлены помнікі Вялікай Айчыннай вайны, курсіравалі «Аўтобусы Перамогі», аддаючы даніну памяці загінуўшым, героям, дзякуючы якім мы жывем пад мірным небам.
З самага ранку 8 мая ў Мацюшэўскай дзіцячым садзе-сярэдняй школе імя П.Купрыянава ў вёсцы Мацюшы Азінскага сельсавета панавала святочная атмасфера. Вучняў 9-10-х класаў і некалькіх малодшых школьнікаў — удзельнікаў святочнай кампазіцыі, прысвечанай Дню Перамогі, чакала вандроўка па мясцінах Баявой славы. Школьны аўтобус у той дзень набыў выгляд канцэртнага аўтобуса агітбрыгады. Яго ўпрыгожылі рознакаляровымі паветранымі шарамі, плакатамі «Дзень Перамогі», чырвона-зялёнымі стужкамі і сцягам Рэспублікі Беларусь.
Свята распачаў першы мітынг на тэрыторыі школы, ля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны аднасяльчанам з вёскі Мацюшы і жыхарам суседніх вёсак. Да школьнікаў і педагогаў звярнулася старшыня Азінскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Чувашэнка, якая адзначыла, што подзвіг пакалення дзядоў і прадзедаў, якія з перамогай дайшлі да Берліна, павінен жыць вечна: «Сёння нас з вамі чакае дзень успамінаў пра Вялікую Айчынную вайну. На аўтобусе Перамогі, ці як яшчэ яго можна назваць — на аўтобусе памяці — мы наведаем помнікі і брацкія магілы. На жаль, у нашых населеных пунктах ужо няма жывых сведкаў тых жудасных падзей, зараз на тэрыторыі сельсавета пражываюць толькі некалькі вязняў канцлагераў. Мы абавязкова пазнаёмімся з імі, павіншуем іх са святам».
Упрыгожаны па-святочнаму аўтобус занялі вучні, настаўнікі, работнікі ААТ «Мацюшы-Агра», сельскага Дома культуры, дырэктар школы Аляксандр Казлоўскі. Вучні старэйшых класаў — удзельнікі школьнага гуртка «Памяць» — апранулі ваенныя гімнасцёркі. Іх выгляд надаваў падзеі большую значнасць. У аўтобусе везлі вянкі, прызначаныя для ўскладання ля помнікаў і брацкіх магіл. Дарэчы, напярэдадні свята ў школе прайшоў конкурс «Вянок Славы», у якім бралі ўдзел дзяўчаты 7-9-х класаў. Вянкі-пераможцы таксама планавалася ўскласці ля помнікаў. Дзяўчаты, якія кручком вязалі для іх упрыгожання кветкі з рознакаляровых нітак, вельмі ганарыліся, што іх праца набыла такі глыбокі сэнс.
Першы прыпынак аўтобуса Перамогі адбыўся непадалёку ад вёскі Мацюшы, ля брацкай магілы з надпісам: «Тут была вёска Замагілкі. Спаленая фашыстамі 21 студзеня 1943 года. На гэтым месцы па-геройску загінулі смерцю храбрых партызаны атрада імя Якімава брыгады імя Пруднікава». Вучні ўсклалі кветкі, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
Далей шлях удзельнікаў патрыятычнай акцыі ляжаў у вёску Парфёнаўцы. Тут жыве 86-гадовы вязень канцлагера Вікторыя Людвігаўна Даніловіч. Пажылая жанчына гасцей не чакала, але вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла дзяцей з кветкамі. «Адчуваеце, што набліжаецца Дзень Перамогі?» — спыталіся госці. І пачулі ў адказ: «Ды не. Свята Перамогі вы мне прывезлі, на аўтобусе». Дзеці чыталі для Вікторыі Людвігаўны цудоўныя віншавальныя вершы, дарослыя дарылі падарункі, грашовае ўзнагароджанне, цукеркі і кветкі. Бабуля была вельмі задаволена ўвагай, яе шчырая, шчаслівая ўсмешка ўзняла настрой усім прыехаўшым.
Ля брацкай магілы ў вёсцы Грамошча аўтобус Перамогі чакалі мясцовыя жыхары. Яны прыйшлі ўшанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны землякоў з кветкамі. Падчас урачыстага мітынгу гучалі вершы пра вайну, аб вялікім значэнні подзвігу пераможцаў гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня Азінскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Чувашэнка і дырэктар Мацюшэўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы імя П.Купрыянава Аляксандр Казлоўскі. Вядучая мітынгу абвясціла хвіліну маўчання, і ўсе прысутныя пачулі спевы птушак. За магчымасць слухаць цудоўны птушыны канцэрт мы павінны быць удзячныя тым, хто змагаўся за мір на зямлі, цішыню і спакой…
Ва ўрочышчы Лазоўка, у лясным масіве, знаходзіцца магіла Юрыя Беневальскага, ураджэнца г.Ленінграда, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў гэтых мясцінах. Настаўнікі школы і былы старшыня Адамоўскага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Качан распавялі, што да магілы гэтага маладога ўдзельніка вайны раней штогод прыязджалі з Расіі маці і сястра, цяпер, напэўна, іх няма ўжо ў жывых. Але магіла намаганнямі школьнікаў дагледжана.
Зноў вярнуліся ў Грамошча, каб пазнаёміцца з яшчэ адным вязнем канцлагера — Марыяй Федасееўнай Пыж. Жанчына — інвалід па зроку, амаль нічога не бачыць, але і ў такім стане прызвычаілася трымаць у парадку дом і агарод. Яна з удзячнасцю прымала падарункі і віншаванні, прасіла прабачэння, што «не прыбралася для гасцей». Асабліва ўзрадавалася жывым кветкам.
Прымала віншаванні і яшчэ адна жыхарка вёскі Грамошча Дзіна Пятроўна Паўлёнак — таксама вязень канцлагера. Дзень Перамогі ў іх сям’і — святое свята. Са слязьмі на вачах…
У сярэдзіне дня ў клубе аграгарадка Мацюшы адбыўся святочны канцэрт. Вучні школы і настаўнікі падрыхтавалі такія цудоўныя нумары, за якія гледачы ім шчодра апладзіравалі, не шкадуючы далоняў.
Дырэктар школы Аляксандр Казлоўскі паведаміў, што зараз у школе вучацца ўсяго 47 вучняў, але і з гэтай колькасці хлопчыкаў і дзяўчынак можна вылучыць асабліва таленавітых і артыстычных дзяцей. Школьнікі вельмі пранікнёна чыталі вершы пра вайну, спявалі «Смуглянку-малдаванку», весела танцавалі. Вось яно — мірнае шчаслівае сёння, за якое змагаліся героі ў Вялікую Айчынную вайну!
Далейшы шлях аўтобуса Перамогі ляжаў у вёску Уладычына. Тут сёлета ўстаноўлены новыя помнікі на дзвюх брацкіх магілах. На святочны мітынг прыйшлі мясцовыя жыхары, старшыня ветэранскай арганізацыі Азінскага сельсавета Вячаслаў Мурашкевіч, а таксама да сяльчан далучыліся актывісты Наваполацкага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане на чале са старшынёй Віктарам Кастровым. Асвяціць новыя помнікі прыехаў свяшчэннаслужыцель з Баравухі-1 айцец Валерый.
Зноў гучалі вершы пра вайну. З вуснаў школьнікаў яны здаваліся клятвай зберагчы мір, навек ушанаваць подзвіг пакалення дзядоў і прадзедаў. Перад школьнікамі выступіла сведка ваенных падзей Раіса Рыгораўна Патапенка, якая добра памятае жахлівыя падзеі лютага 1943 года, калі аднасяльчан зажыва спалілі фашысты.
Новыя помнікі ўстаноўлены на месцы спаленых фашыстамі ў 1943 годзе вёсак Арцейкавічы, Уладычына-2, Новыя Замшаны сённяшняга Азінскага сельсавета і вёскі Кульнева (Царкавішча) Сакалішчанскага сельсавета Расонскага раёна. Удзельнікі мітынгу запалілі свечкі памяці, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі.
Апошні прыпынак удзельнікаў патрыятычнай акцыі «Аўтобус Перамогі» быў на могілках у вёсцы Уладычына, ля магілы трох невядомых лётчыкаў транспартнага самалёта, якія загінулі ў ліпені 1941 года. Тут іх пахавалі мясцовыя жыхары. А сёлета помнік аднавілі вяскоўцы Георгій Жук, Наталля Тарасава і Фёдар Боханаў пры падтрымцы Наваполацкага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.
Падчас урачыстага мітынгу старшыня арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Віктар Кастроў, звяртаючыся да вучняў школы, зазначыў, што менавіта подзвіг удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны загартаваў характары ўдзельнікаў вайны ў Афганістане і дзякуючы гэтаму яны вярнуліся дамоў жывымі.
… Значна папрыгажэлі пасля святкавання Дня Перамогі помнікі і абеліскі. Яны — нямы напамін пра вайну, нашы памяць і гонар. Жывыя кветкі, вянкі ўвасобілі ў сабе нашу ўдзячнасць за вялікі подзвіг. Гэтую памяць мы павінны перадаць будучым пакаленням, каб захаваць мір на зямлі.