У Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адкрылася выстава Фёдара Маркевіча

Главное Культура Люди

Кожны колер мае свой… гук і характар. Чырвоны — агонь, дынаміка, трывога. Блакітны — прахалода, спакой, самота. Жоўты — цеплыня, давер, ззянне. Зялёны — надзея, лёгкае дыханне, жыццё…

IMG_9236 фото А.Марцинкевича

У палітры фарбаў, якімі працуе Фёдар Маркевіч, няма чырвонай. Напэўна таму, разглядаючы яго творы, адчуваеш раўнавагу і душэўны спакой, а яшчэ — захапленне ад прыгажосці, якую ўбачыў і з дапамогай пэндзля паклаў на палотны мастак.

У Раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур адбылося адкрыццё выставы работ палачаніна Фёдара Маркевіча, чалавека, адданага творчасці, з філасофскім бачаннем свету, які сэрцам адчувае прыгажосць і імкнецца падзяліцца ёю з усімі, хто побач. Выстава не выпадкова названа «Полацкія матывы» — у экспазіцыі пераважна палотны з краяві­дамі Полаччыны.

IMG_9225 фото А.Марцинкевича

Фёдар Маркевіч нарадзіўся ва Ўкраіне, на Валыншчыне. Падчас вучобы ў школе-інтэрнаце захапіўся маляваннем, ды так, што дзеля любімага занятку быў гатовы на ўсё. Першапачаткова займаўся ў Доме піянераў. Калі пасталеў, свайму захапленню не здрадзіў. Уявіце, 15-гадовы юнак працаваў, па начах разгружаючы вагоны, каб зарабіць сродкі на аплату ўрокаў у студыі выяўленчага мастацтва. Свой першы малюнак ён прысвяціў знакамітай Байкала-Амурскай магістралі. Рамантыка вялікай Усесаюзнай будоўлі ў той час валодала думкамі многіх, і ў малюнак, які ён перанёс на паперу з фотаздымка, Фёдар уклаў усё сваё майстэрства, адлюстраваўшы нялёгкую, нават гераічную, працу будаўнікоў чыгункі.

Так склалася, што жыццё сваё Фёдар Захаравіч звязаў са сферай будаўніцтва. Прафесію сталяра атрымаў, скончыўшы мастацка-будаўнічае вучылішча ў Ковелі. Але сваёй мары аб тым, каб стаць прафесійным мастаком, не здрадзіў. Ён працаваў па камсамольскай пуцёўцы ў Астраханскай вобласці, пазней — на Поўначы. А ў 1987 годзе паспяхова здаў экзамены і стаў студэнтам вельмі перспектыўнага факультэта прамысловага дызайну Свярдлоўскага архітэктурнага інстытута. Калі Фёдар быў студэнтам другога курса, яму прапанавалі прыняць удзел у выставе жывапісу, якая ладзілася ў абласным цэнтры.

Пасля заканчэння інстытута малады спецыяліст прыехаў у Наваполацк. І ўжо ў 1994 годзе тут паспяхова прайшла яго першая персанальная выстава. Пазней экспазіцыі яго твораў ладзіліся не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі і Велікабрытаніі. У 2009 годзе імя Фёдара Маркевіча было занесена ў энцыклапедыю «Хто ёсць хто ў Беларусі».

IMG_9219 фото А.Марцинкевича

…Шумяць зялёныя гаі, цякуць ціхія рачулкі, у зялёнай лістоце хаваюцца сонечныя промні — усё гэта на палотнах, размешчаных у зале Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур. Глядзіш — не наглядзішся, здзіўляючыся таленту мастака і атрымліваючы сапраўдную асалоду ад сустрэчы з цудоўным — ціхай, някідкай і такой блізкай кожнаму прыгажосцю роднага краю, які стаў блізкім і дарагім і для Фёдара Захаравіча.
Падчас адкрыцця выставы ў адрас творцы гучала шмат шчырых словаў — ад намесніка дырэктара ЦРНК Наталлі Чымірыкінай, кіраўніка клуба «Белый холст» Наталлі Рудой, старэйшага полацкага мастака, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Віктара Казіміравіча Любавіцкага, мастачкі Ніны Высокавай. Падтрымаць калегу прыйшлі прадстаўнікі калектыву работнікаў СШ №6, дзе зараз працуе Фёдар Захаравіч. Яны выказвалі не толькі захапленне творчасцю мастака, але і дзякавалі яму за працу, накіраваную на стварэнне эстэтычнага і ўтульнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі.

На пытанне аб крыніцы натхнення Фёдар Маркевіч адказаў проста і лаканічна: «Сям’я, прырода, праца». А пра планы, якія датычацца стварэння новых палотнаў, сціпла прамаўчаў, каб не сурочыць. Хаця няма сумнення ў тым, што з-пад пэндзля мастака выйдзе яшчэ шмат цудоўных работ і яшчэ не аднойчы прыхільнікі яго творча­сці атрымаюць асалоду ад сустрэчы з яго творчасцю.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *