Асабліва парадаваў нямецкі сорт «Джавел», які мы набылі праз кампанію «Ніка», — тлумачыў дырэктар гаспадаркі Фёдар Завацкі. — 59 дзён не было вільгаці. Перыяд бутанізацыі з’яўляецца крытычным для спажывання раслінамі вады, а яе не было. Але ўсё ж атрымалі 380 цэнтнераў з гектара — неблагі ўраджай у экстрымальных умовах. На маю думку, «Джавел» — вельмі перспектыўны сорт, мы яго праверылі на нашай лёгкай кушлікоўскай глебе, цяпер будзем з задавальненнем вырошчваць. З-за таго, што ён па кошце дарагі, сёлета змаглі пасадзіць гэты сорт толькі на плошчы 13 гектараў, у наступным годзе будзе 80. У яго вельмі вялікі працэнт размнажэння. Гэты ўнікальны сорт бульбы карыстаецца попытам у пакупнікоў з Расійскай Федэрацыі.
Фёдар Завацкі расказваў яшчэ пра два сарты бульбы беларускай селекцыі, за якімі таксама перспектыва: вельмі добрымі смакавымі якасцямі вылучаюцца «Палас» і «Першацвет». Колер клубняў ружовы, а ўнутры бульба жоўценькая.
Кушлікоўцы ўжо накапалі тысячу тон «другога хлеба». У полі першы год працуе камбайн «Грын», які вельмі якасна праводзіць уборку. Надзейную тэхніку з высокай вытворчасцю — 150 тон у дзень — кушлікоўцы плануюць выкупіць, а сёлета арэндуюць у кампаніі «Квалітэт».
Зараз увесь ураджай паступае на мясцовы «бульбяны завод», дзе праходзіць сартыроўка. Бульба падзелена на харчовую, насенную і для перапрацоўкі. Калі знаходзішся на тэрыторыі бульбасховішча, разумееш маштаб вытворчасці. Ужо закладзены першыя тоны насеннага накірунку сартоў «Палас», «Першацвет», «Скарб». Зманціравана лінія транспарцёраў, працаўнікі, якіх не больш за два дзясяткі, уважліва назіраюць за ўраджаем, праводзяць яго сартыроўку.
Фёдар Завацкі гарантуе спажыўцам якасць прадукцыі, вырашчанай на палях ААТ «Кушлікі». Сёлета бульбу падсілкоўвалі некалькі разоў, лячылі ад хвароб і шкоднікаў, каб да пакупніка яна дайшла прыгожай і смачнай. Рэалізацыя агародніны насельніцтву будзе праводзіцца не з поля, а з бульбасховішча, дзе яна пройдзе «лячэбны перыяд», добра вылежыцца. «Сховішча для бульбы як палац для каралевы, дзе яна павінна адпачываць», — гаварыў Фёдар Фёдаравіч.
— Перспектыва развіцця бульбаводства — ў мадэрнізацыі,— упэўнена сцвярджае Фёдар Завацкі і расказвае пра планы набыць машыну для паліву агародніны, пашырыць бульбяныя плошчы. Сёлета пад гэтую культуру аддалі 220 гектараў, намераны ў будучым засаджваць 300-400. Трэба аптымізаваць зерневыя, пакінуць толькі для забеспячэння жывёлагадоўлі. «Ураджайнасць будзем атрымліваць з адзінкі плошчы, а не з гектараў. І надоі малака будзем павышаць ад кожнай галавы, а не павялічваць колькасць кароў», — дзеліцца думкамі Фёдар Завацкі.
Пра гэты караняплод ён можа расказваць бясконца. У сур’ёзнай і жартаўлівай форме. Я звярнула ўвагу на тое, што добрая слава пра кушлікоўскую бульбу даўно разнеслася па Полацку і Наваполацку і пад маркай «кушлікоўская» гэтую агародніну прадаюць і магазіны, і невялікія крамы. Фёдар Завацкі запэўніў, што іх гаспадарка арыентавана на аптовы гандаль і не супрацоўнічае з прыватнымі прадпрымальнікамі. Увогуле, каб набыць сапраўдны кушлікоўскі прадукт, трэба прыехаць за ім у Кушлікі, а таксама яго можна набыць на восеньскім кірмашы, які традыцыйна пройдзе ў Полацку.