«Колькі памятаю — такой ураджайнасці — 79 цэнтнераў з гектара — у нас яшчэ не было! 60-65 цэнтнераў — бывала, а столькі — ніколі», — задаволена расказваў учора пра небывалы сёлетні ўраджай пшаніцы дырэктар філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Калтуноў.
Пшаніца з буйным коласам вырасла ва ўрочышчы Матусава. Поле плошчай 60 гектараў спецыялісты гаспадаркі выкарысталі пад вытворчыя вопытныя ўчасткі, на якіх у поўнай меры захавалі тэхналагічную дысцыпліну пры вырошчванні культуры: своечасова пасеялі, падсілкавалі, унеслі ўгнаенні, пэўным чынам правялі догляд і абарону. І вось — вынік. «На вытворчыя вопыты нічога не шкадавалі. Унеслі, напрыклад, фунгіцыдную абарону на гэтыя ўчасткі, а на іншыя, побач, — сродкаў не хапіла. І вось бачым на свае вочы розніцу. На суседнім полі ўраджайнасць будзе прыблізна 50 цэнтнераў, але ж не 70», — зазначаў Аляксандр Рыгоравіч. І падкрэсліваў: «Для таго, каб атрымаць добры ўраджай, трэба звяртаць увагу на ўсе дробязі, не эканоміць на ўгнаеннях, не губляць час — і тады зямелька-маці і культура не падвядуць. А ўсе затраты — акупяцца!».
Па стану на ўчарашнюю раніцу філіял «Гараны-Агра» першым у Полацкім раёне намалаціў тысячу тон залатога збожжа. З кіраўніком гаспадаркі-лідара мы гаварылі пра арганізацыю працы падчас уборкі хлеба, пра асаблівасці сёлетняй уборачнай.
Гаранцам за гэты месяц належыць убраць збожжавыя з плошчы 1122 гектары. У полі працуюць 6 экіпажаў (у кожным старшы камбайнер і камбайнер), на адвозцы 6 асноўных і
2 дадатковыя адзінкі тэхнікі. Усе хлебаробы працуюць зладжана, могуць папросту замяніць адзін аднаго. Сёлетняя ўборачная складаная тым, што адначасова падышлі ўсе культуры, уключаючы гарох і віку. У суботу, напрыклад, разам са збожжам камбайнеры ўбіралі цімафееўку. У «Гаранах-Агра» поўнасцю ўбралі і азімы рапс. Шкада, што працы не спрыяе надвор’е. Аляксандр Рыгоравіч расказаў, што даўно ўжо не былі буксіры ў полі (каб выцягваць камбайны — аўт.), а сёлета, калі штодзень ідзе дождж, без іх ніяк.
Аляксандр Калтуноў падкрэсліваў, што высокая ўраджайнасць збожжавых культур атрымана дзякуючы ўкладу галоўнай каштоўнасці гаспадаркі — працавітых, нераўнадушных людзей. Колькі бяссонных начэй правялі ў думках пра ўрочышча Матусава галоўны аграном гаспадаркі Тамара Макарава і аграном Алена Івашкевіч! Гэта вядома толькі ім, а ўсе іх задумкі ўвасобілі ў жыццё вопытныя механізатары. Зараз, з захаваннем тэхналогіі, ураджай да апошняга каласка будзе сабраны ў засекі.
Першую тысячу тонн збожжа дружна намалацілі старшы камбайнер Сяргей Гарбаценка і камбайнер Ігар Данілкін, старшы камбайнер Генадзь Івашкевіч і камбайнер Міхаіл Быліна, старшы камбайнер Міхаіл Камель і інжынер Леанід Брагін. На адвозцы залатога збожжа працавалі Сяргей Барысевіч, Ігар Волкаў, Аляксандр Шыдлоўскі і Сяргей Маркевіч. Для гэтых людзей устаць на досвітку, адказна працаваць да позняга вечара — звычайная справа. А для гаспадаркі стаўленне іх да працы — галоўная каштоўнасць.
У размове з камбайнерамі мы зычылі ім далейшых працоўных поспехаў, а яны прасілі, каб мы прывезлі ім з Полацка добрае надвор’е.
Фото Алина БОЛЬШАКОВА.