Палачанка Надзея Стэфанаўна Салодкая

Главное

Талент чалавека праяўляецца яшчэ ў дзяцінстве, а потым, як зярнятка ва ўрадлівай зямлі, выходзіць на свет парасткамі творчых дасягненняў. Але бывае і так, што зярнятка не спяшаецца прарастаць, а спіць у чаканні найлепшага часу, каб прабіцца на свет і даць свае плады. Так было і з Надзеяй Стэфанаўнай Салодкай, якая плады свайго плёну пачала збіраць ужо ў сталым узросце.

Яе шматгранны талент мог праявіцца яшчэ ў маладыя гады, калі Надзея дваццацітрохгадовай дзяўчынай апынулася ў пісьмен­ніцкім асяродку. У пачатку

1970-х гг. маладая лекарка прыехала на сталае месца жыхар­ства ў Полацк. Гэта была ўжо не першая сустрэча са старажытным горадам: ураджэнка Полацкага раёна чатыры гады жыла ў Полацку, пакуль вучылася ў медвучылішчы. Надзея ўладкавалася на працу ў рэдакцыю полацкай аб’яднанай газеты «Сцяг камунізму» (сёння «Полацкі веснік») сакратаром-машыністкай. Як успамінала сама Надзея Стэфанаўна: «Газета тады выходзіла чатыры разы на ты­дзень і была абсалютна беларускамоўнай. Чытачы ж часцей дасылалі свае карэспандэнцыі на рускай мове, а машыністкі пры неабходнасці гэта перакладалі на беларускую. Шчыра скажу, праца была не з самых лёгкіх. Пасядзець ды памянціць языкамі проста так выпадала не часта, мы выбівалі чэргі на клавішах, як кажуць, «з-за вуха» ад званка да званка, толькі суставы пасля начамі ламіла.
Затое якая была практыка ў перакладах!».

Пры газеце працавала літаратурнае аб’яднанне «Наддзвінне», адзін-два разы ў месяц збіраліся самадзейныя літаратары. Адным з тагачасных яго кіраўнікоў быў Навум Гальпяровіч, які пазней вывеў паэтычны талент Надзеі Салодкай у свет. Маладая дзяўчына, якая паспрабавала напісаць верш яшчэ ў вучнёўскія гады, не думала прычыняцца да нейкай літаратурнай дзейнасці, як яна сама казала, «не ўрубалася ў тую культуру, проста падабалася». І з’явілася тады каля дзясятка вершаў на рускай і беларускай мовах. Пісаць хацелася, але няўмелася, таму і былі спынены тыя пакуты ўласным валявым рашэннем. А ў 1978 г. па стане здароўя прыйшлося пакінуць і працу ў рэдакцыі. Згубіліся наладжаныя ў творчым асяродку сувязі.

Амаль на два далейшыя дзесяцігоддзі зацягнуўся перыяд творчага маўчання. І вось нечакана для самой Надзеі Стэфанаўны 20 лістапада 1996 г. на свет прабіўся першы парастак — верш з гаваркой назвай «Пачатак». Так званае «хрышчэнне» паэткі, па яе ж словах, адбылося ўжо на наступны год, калі Н.Я.Гальпяровіч аддаў у друк нізку з трох вершаў, якія выйшлі ў наваполацкай газеце. І расквітнеў яе талент, узрошчаны на ўрадлівай глебе полацкай пісьменніцкай традыцыі.

Зноў яна вярнулася да «Наддзвіння», але ўжо ў якасці сапраўднага члена літаб’яднання, маючы за плячыма падборкі вершаў у рэспубліканскім друку і песні ў эфіры Беларускага радыё. Крытыкі адзначалі, што вершы Надзеі Стэфанаўны Салодкай вельмі чуллівыя, пранікнёныя, музычныя і па-народнаму паэтычныя, таму і паклалі іх на музыку вядомыя беларускія кампазітары І.Капланаў, М.Яцкоў, Н.Чацверыкова, Л.Захлеўны, Я.Лукашэвіч, а выконвалі іх на «Славянскім базары», «Залатым шлягеры», «На скрыжаваннях Еўропы», «Дажынках» і іншых фестывалях Нэллі Багуслаўская, Іна Афанасьева, Пётр Ялфімаў, ансамблі «Бяседа», «Харошкі» і г.д. За сваю дзейнасць полацкая паэтка атрымала Дыпломы і Граматы ад гарадскіх і абласных уладаў, Міністэрства культуры, Са­юза пісьменнікаў Беларусі, членам якога яна і з’яўляецца.

Да свайго 1140-годдзя, якое святкавалі ў 2002 г., Полацк атрымаў ад Надзеі Салодкай цудоўны падарунак — песню «Горад над Дзвіной» на музыку Ізмаіла Капланава, якая разам з гімнам на словы Алеся Аркуша стала пераможцам у аб’яўленым гарадскімі ўладамі конкурсе.

У сваю чаргу 60-годдзе самой паэткі, у 2007 г., палачане адзначылі ўручэннем ёй пачэснага знака «За заслугі перад Полацкам», а ў наступным годзе ёй было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Полацка».

Полацк прызнаў Надзею Салодкую сваёй, і пра гэта яна напісала ў сваім вершы «Мы — свае!»: Горад стратаў маіх і набыткаў, Я — твая, а ты — мой, мы — радня.

С.В.ГАЎРЫЛАВА,  вядучы  навуковы
супрацоўнік  Краязнаўчага  музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *