Як жывуць людзі на вёсцы? У большасці сваёй іх дні падобныя на нашы. Штодзённыя сцежкі ўжо пратаптаныя, у панядзелак усе ідуць на працу, у аўторак — таксама. Вечарам — хатнія справы, дзеці, раз на год — водпуск. І зноў — наступны працоўны тыдзень, чарговае гадавое кола: праца, святы, падзеі. Так жыць лягчэй і прасцей, у тым сэнсе, што жывеш, як усе.
Менавіта так нейкі час жыў і герой нашай сённяшняй публікацыі Сяргей Зайцаў з вёскі Юравічы Палатоўскага сельсавета. Пасля тэрміновай службы ён застаўся па кантракце ў арміі, але праз нейкі час адчуў, што служыць — не яго справа, і што ён здраджвае сабе. Ажаніўся, жыў у Полацку, працаваў на будоўлі зваршчыкам, але душа яго разрывалася, імкнулася да прыроды, у родныя мясціны, да размеранага ладу жыцця. Ён вырашыў, што трэба даверыцца ўнутранаму жаданню, хоць гэта і складана.
Нарэшце змяніў месца жыхарства. Выходзіў на двор, садзіўся на лаўку, прыслухоўваўся да цішыні, удыхаў чыстае паветра і радаваўся: вось яно — сапраўднае жыццё!
Прастор для прыкладання рук быў у яго шырокі. Спачатку малады мужчына пабудаваў пілараму — меў намер нарыхтаваць будматэрыялы для будучага дома. Самастойна асвоіў дрэваапрацоўку, пачаў піліць дошкі. Зарэгістраваўся рамеснікам, на заказ вырабляў агароджы, альтанкі, іншыя драўляныя вырабы. Нейкі час працаваў як індывідуальны прадпрымальнік — займаўся лесанарыхтоўкай, перапрацоўкай, але потым адмовіўся. Шмат часу забірала праца на агародзе, дзе ён вырошчваў бульбу, агародніну, а таксама догляд за свойскай жывёлай.
Папрацаваўшы самастойна, Сяргей зразумеў, што самае галоўнае на вёсцы — самадысцыпліна, арганізацыя свайго часу. Хоць і няма начальніка — трэба працаваць штодзень з ранку да вечара, таму што трэба зарабляць грошы, нельга падводзіць заказчыкаў, ды і жывёлу не пакінеш галоднай.
А да сялянскай працы ён цягнуўся змалку: дапамагаў па гаспадарцы бацькам. Гэты вопыт спатрэбіўся ў дарослым жыцці. Гадоў дзесяць ён гадаваў быкоў, яму падабаўся сам працэс, але падлічыў, што эканамічная выгада — малая. Тады завёў авечак, гусей, пчол.
Прычым, гаспадарчы размах у яго — вялікі. Мы здзівіліся і нават былі ўражаныя, калі ўбачылі на падворку больш за 100 авечак і баранаў, 40 гусей, 20 домікаў з пчоламі.
«Авечкі раманаўскай пароды, невялікія, самі размнажаюцца, не патрабуюць столькі ўвагі, як цяляты. Зімой кармлю іх сенам, вадой і мукой. Два разы на год трэба іх стрыгчы, толькі, на жаль, няма куды збываць воўну,» — распавядаў гаспадар. За пяць год, колькі іх гадуе Сяргей, толькі аднойчы нейкі мужчына папрасіў прадаць дзве шкуры, каб пашыць кажух. Але звяртаюцца суседзі за маленькімі баранчыкамі ці авечкамі для свайго падворка. Сяргей заўсёды адкрыты для зносін. Прыязджаюць да яго і аматары бараніны.
Гусей трымаць таксама, на думку Сяргея, не вельмі цяжка. Гэтыя птушкі — разумныя, па голасе пазнаюць гаспадара ды і як ахоўнікі — добрыя: папярэдзяць, калі на падворак ступіць нехта чужы. Каб павялічыць гусіную чараду, Сяргей выкарыстоўвае інкубатар. Сёлета ліса ўкрала некалькі гусей, з лясным драпежнікам Сяргей ваяваць не можа.
Летам працы на падворку менш: авечкі самі знаходзяць ежу, для гусей ёсць саджалка, а вось пчальнік у Сяргея — перасоўны, дзеля мядовага ўраджаю ён часта перавозіць яго ў розныя месцы.
Жывёла жывёлай, а Сяргей за амаль 4 гады ўласнымі сіламі пабудаваў яшчэ і дом. Ды не абы які, а сапраўдны катэдж, з усімі выгодамі. Здзейснілася мара адпачываць увечары і назіраць, як у каміне патрэскваюць дровы…
З дазволу гаспадара мы зрабілі экскурсію па новым доме, з другога паверха падзівіліся на прыгажосць вясковай прыроды.
Даведаліся, што тыпавы план дома з планіроўкай, якая спадабалася, гаспадару далі ў Полацкім райвыканкаме. Унутранае аздабленне новага будынка зроблена з душой, асабліва нам спадабаліся камін, барная стойка, незвычайнай прыгажосці лесвіца, утульныя пакоі з вялікімі вокнамі і падабранымі з густам шпалерамі. Уразіла, што ложак і шафа зробленыя гаспадаром уласнымі рукамі. На пытанне, адкуль такія ўменні, Сяргей адказаў, што прыязджаў у госці таварыш з вопытам працы на мэблевай фабрыцы, падказаў, як зрабіць шафу, а потым — пайшло, паехала… Увогуле, за час самастойнай працы ў вёсцы Сяргей многаму навучыўся. Дзякуючы шматлікім сябрам, сярод якіх ёсць будаўнікі, электрыкі, пячнікі і іншыя спецыялісты.
Суседзі дзівяцца на яго майстэрства, звяртаюцца да безадмоўнага аднавяскоўца з просьбамі. А ён рады быць карысным. Адзінокім суседзям, старым аддасць, не пашкадуе, абрэзкі з піларамы на дровы.
«Сяргей Зайцаў — наш першы памочнік. Калі трэба зімой снег пачысціць, ён на сваім трактары і двор вычысціць, і вясковыя завулкі. Калі агароджа была патрэбная для цэнтральнай сядзібы аграгарадка Палата — майстар не адмовіў, зрабіў», — расказала старшыня Палатоўскага сельвыканкама Інга Казлова.
— Як Вы спраўляецеся са сваёй вялікай гаспадаркай? — спыталіся мы ў Сяргея. А ён усміхаўся толькі: «Імкнемся…».
У размове з намі гаспадар усё часцей выкарыстоўваў займеннік «мы», маючы на ўвазе сябе і сына. Яго 13-гадовы Аляксей жыве з маці ў Полацку, вучыцца ў Полацкім кадэцкім вучылішчы, да бацькі ў вёску прыязджае часта, дапамагае.
Бывае і Сяргей звяртаецца па дапамогу да суседзяў, сяброў, але, у асноўным, ён разлічвае на свае ўласныя сілы. Вясной плануе зрабіць рамонт загонаў для авечак, паправіць сарай. На развітанне мы зазірнулі і ў новую лазню, падзівіліся на стол і лаўку, зробленыя з ясеня: прыгажосць — вачэй не адвесці! Не прайшлі міма самаробнай альтанкі, дзе можна адпачываць вялікай кампаніяй.
Але пра адпачынак Сяргей нават і не марыць. Дарэчы, не сумуе і па «агнях вялікага горада». Яму па душы такое жыццё, якое ён нарэшце выбраў. Ён ніколі не любіў месцаў, дзе збіраюцца шмат людзей, свабода і чыстае паветра для яго — даражэйшыя, чым гарадскі камфорт. Некалькі год таму яны з сынам ездзілі ў Турцыю, дык Сяргей не мог дачакацца, калі паедуць дадому.
Бацька з сынам часта разважаюць пра тое, што сучасная сельская моладзь у сваёй большасці з’язджае ў горад. Вяртаюцца толькі адзінкі, якія, напэўна, не жадаюць быць толькі спажыўцамі, для каго тэхналагічны свет не вельмі прыцягальны. Яны з цягам часу пачынаюць разумець кошт натуральных, экалагічна чыстых прадуктаў і прыходзяць да высновы, што жывуць так, як жадаюць.
Магчыма, для некага гісторыя Сяргея Зайцава стане натхняльнай, і ён таксама, нарэшце, даверыцца ўнутранаму жаданню нешта змяніць у сваім жыцці.