Палачанін Алесь Ануфры­евіч Савіцкі, з паклонам да роднай Дзвіны

Главное

IMG_8137

На мінулым тыдні ў Цэнт­раль­най бібліятэцы імя Ф.Скарыны адбылася сустрэча, у хо­дзе якой яе ўдзельнікі разам узга­далі пра слаўнага сына полацкай зямлі, франтавіка, вядомага беларускага пісьменніка, Ганаровага грама­дзяніна го­рада Полацка Алеся Ануфры­евіча Савіцкага, жыццёвы шлях якога скончыўся 6 кастрыч­ніка. «Вечная па­мяць…» — гэтыя словы рэфрэнам гучалі з вуснаў кожнага з прамоўцаў…

Сустрэча адбылася з нагоды наведвання Полацка роднымі і блізкімі Алеся Савіцкага — членамі яго сям’і і сябрам, Ганаровым грамадзянінам горада Полацка Навумам Гальпяровічам, якія прыехалі, каб выканаць запавет Алеся Ануфрыевіча пакланіцца яго роднай Дзвіне і перадаць у падарунак бібліятэцы кнігі таленавітага палачаніна.

— Мы прыехалі ў родны для Алеся Ануфрыевіча горад, дзе ён застаўся назаўсёды, дзе жыве яго дух і тое спрадвечнае, што з ім было ў Полацку, — казаў Навум Гальпяровіч. — І, напэўна, кожны палачанін ведае, хто такі Алесь Савіцкі. Таму што роднаму гора­ду пісьменнік прысвяціў увесь запал сваёй душы. Ён застаўся верным сваёй Дзвіне, свайму Полацку і заўсёды помніў пра іх… У кожнага чалавека ёсць месца, дзе ён нарадзіўся. І часта здараецца, што мы працягваем свой жыццёвы шлях далёка ад гэтага месца. Але яно заўсёды жыве ў нашай душы. А Полацк — такі горад, які забірае душу чалавека да апошняй кроплі. І апошняе жаданне Алеся Савіцкага было таксама звязана з Полацкам: ён хацеў тут застацца.

Навум Якаўлевіч адзначыў, што дадзеная сустрэча — гэта першы напамін пра Алеся Ануфрыевіча. І выказаў думку пра тое, што абавязак усіх, хто ведаў гэтага выдатнага чалавека, — ушанаваць яго памяць.

Гэтая памяць патрэбна не толькі сям’і Алеся Савіцкага, яна патрэбна маладым палачанам, школьнікам. Так здарылася, што Алесь Ануфрыевіч атрымаў дзяржаўную прэмію менавіта за дзіцячую кнігу. Гэта сведчыць пра тое, наколькі ён цікавіўся светам дзяцей, клапаціўся аб будучым пакаленні. І кнігі, якія сям’я Алеся Савіцкага — яго дачка Наталля Аляксандраўна і ўнук Яўген — прывезла ў дар Полацку, таксама адрасаваны дзіцячай чытацкай аўдыторыі.

Удзельнікі сустрэчы — полацкія бібліятэкары, літаратары, педагогі — дзяліліся сваімі ўспамінамі пра Алеся Савіцкага. Гучалі цытаты з яго твораў, выказваліся спадзяванні пра тое, што чытанне яго літаратурнай спадчыны стане абавязковым для полацкіх школьнікаў. Вялікую падзяку ад імя сям’і пісьменніка выказаў усім прысутным унук Алеся Ануфрыевіча — Яўген. І ў яго кранальна шчырых словах пранізліва гучалі трапяткія адносіны да любімага дзеда…

Боль страшнай весткі пра зусім нядаўнюю страту, жалобныя ўспаміны аб гэтай трагічнай падзеі яшчэ моцна трымаюць у палоне сэрцы ўсіх, хто добра ведаў Алеся Савіцкага, хто побач з ім крочыў па жыцці ў той ці іншы момант. Пройдзе час, і памяць пра Алеся Ануфрыевіча набудзе больш светлыя фарбы, але не менш глыбокае гучанне. А імя сапраўднага патрыёта Полаччыны па-ранейшаму будзе жыць на прасторах яго малой радзімы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *