Свята адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа прайшло 3-4 верасня. Цэнтрам XXIX Дня беларускага пісьменства стаў горад Івана Шамякіна — Добруш.
Віцебскую вобласць прадстаўлялі 12 чалавек, сярод якіх паэты, празаікі, публіцысты, выканаўцы песень і прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама. У іх ліку і палачане: Лідзія Піскун, Галіна Загурская, Тамара Кавалёва і Іна Мароз.
— Горад сустрэў сардэчна, па-добраму, усё дагледжана, чыста, адкрытыя людзі. Калі пад’язджалі да месца дзеяння — асабліва ўразіла р.Іпуць, разам з горадам і яго жыхарамі, яна складае адзіны арганізм. Акрамя таго, на беразе ракі прадэманстравалі — ваенна-гістарычную рэканструкцыю, прысвечаную баявым бітвам за Добруш у 1943 годзе, яна арганізавана пры супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі Беларусі, — дзеліцца Лідзія Рыгораўна, удзельніца народнага літаратурнага аб’яднання «Полоцкая ветвь».
Фестываль праходзіў у Год гістарычнай памяці, таму дзясяткі пляцовак прысвяцілі гісторыі краіны. Напрыклад, у адным з павільёнаў можна было пазнаёміцца з папяровай прадукцыяй канца ХІХ стагоддзя, якую зрабілі ў Добрушы. Тады ў горадзе з’явілася адна з першых у Расійскай імперыі папяровых фабрык. Дарэчы, вытворчасць працуе і сёння. Адной з цэнтральных падзей Дня пісьменства – стала адкрыццё помніка класіку беларускай літаратуры – Івану Шамякіну. Стварэннем яго на працягу года займаліся вядомыя беларускія скульптары Уладзімір Піпін і Канстанцін Касцючэнка.
— Аўтэнтычнасць і самабытнасць беларускай зямлі адчувалася на кожнай з дзясяткаў лакацый, працавалі павільёны з кнігамі, уразілі музеі пад адкрытым небам: традыцыйнага касцюма і фатаграфіі, — расказвае Лідзія Піскун. – Наша дэлегацыя выступіла з праграмай «Край родны, любы», таксама прыняла ўдзел у прэзентацыі зборніка «Лучнасць сэрцаў і дум» выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе змешчаны 90 лепшых твораў сучасных пісьменнікаў з рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку 7 аўтараў з Віцебскай вобласці.
Самым хвалюючым момантам Дня пісьменства ў Добрушы стала ўручэнне ўзнагарод Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Падзея важная не толькі для пісьменніцкай супольнасці, але і для чытачоў.
Добруш сказаў сваім гасцям да сустрэчы і перадаў вымпел сталіцы XXX Дня пісьменства — г. Гарадку Віцебскай вобласці.
– Ужо зараз мы пачынаем рыхтавацца да свята ў Гарадку, каб паказаць увесь літаратурны патэнцыял Прыдзвінскага краю, здзівіць і натхніць многіх на стварэнне шэдэўраў, – падсумавала Лідзія Рыгораўна.
Фота з архіву ўдзельнікаў.