Палачане наведалі Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску

Важное

15 сакавіка, спаўняецца 25 год Канстытуцыі Рэспуб­лікі Беларусь.

Прыняты ў 1994 г., чвэрць стагоддзя таму, Асноўны Закон замацаваў найважнейшыя прынцыпы пабудовы ў нашай краіне дэмакратычнай дзяржавы, заклаў трывалы прававы падмурак незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі.
Адзначаючы 25-гадовы юбілей Канстытуцыі і ацэньваючы маштабныя перамены, што адбыліся ў жыцці грамадзян краіны за такі кароткі па гістарычных мерках перыяд, мы з гонарам і поўнай упэўненасцю гаворым: Рэспубліка Беларусь адбылася як суверэнная дзяржава, найвышэйшай каштоўнасцю і безумоўным прыярытэтам якой з’яўляецца чалавек і яго законныя інтарэсы.


Беларусь дынамічна рухаецца наперад, развіваючы эканамічную і сацыяльную сферы, павышаючы міжнародны аўтарытэт, рэалізуючы абвешчаныя ў Асноўным Законе прынцыпы народаўладдзя, вяршэнства права і сацыяльнай справядлівасці.

Наша любая Полаччына сустракае свята новымі працоўнымі і інтэлектуальнымі дасягненнямі. Багатая гістарычнымі падзеямі полацкая зямля, на якой стагоддзі таму пачыналася беларуская дзяржаў­насць, на якой бралі выток нацыянальныя духоўнасць і культура, захоўвае і працягвае лепшыя традыцыі народа.

Знакавай падзеяй для палачан Валерыя Савіцкага, работніка ААТ «Полацк-Шкловалакно», і Ксеніі Арэфкінай, вучаніцы СШ №1, стала наведванне Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску. Сімвалічна, што 25 падлеткаў і маладых людзей з усіх рэгіёнаў краіны, выдатнікаў вучобы, удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый, пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд, актывістаў БРСМ і БРПА напярэдадні юбілейнай даты наведалі экспазіцыю, якая распавядае пра галоўныя этапы развіцця краіны. Менавіта ім працягваць гісторыю Беларусі, упісваючы ў летапіс падзей яскравыя радкі — кожнай справай, кожным учынкам праслаўляючы сваю малую радзіму, абяспечваючы незалежнасць і мацуючы эканамічны патэнцыял Беларусі.