Жніво ў разгары, і ўдзел у гэтай адказнай для працаўнікоў вёскі пары прымаюць не толькі мужчыны, якія ўпэўнена кіруюць камбайнамі і аўтамабілямі, але і жанчыны.
Актывісткі полацкай раённай арганізацыі ГА «БСЖ» на чале са старшынёй Алінай Шчукінай прыехалі на поле гаспадаркі «Кушлікі», каб сустрэцца з Людмілай Лісіцынай, галоўным аграномам, якая шмат гадоў адданая працы на зямлі.
Людміла Раманаўна пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў 1996 годзе прыехала на працу ў Полацкі раён, уладкавалася ў калгас імя Дзяржынскага (зараз ААТ «Кушлікі») аграномам-насенневодам.
Набывала вопыт, падмацоўвала тэарэтычныя веды, набытыя падчас вучобы, на практыцы. І кушлікоўскія палеткі сталі адгукацца на клапатлівае стаўленне: з году ў год у гаспадарцы павялічваюцца ўраджаі зерневых культур і бульбы. Зараз Людміла Раманаўна — галоўны аграном, пад яе кіраўніцтвам калегі падтрымліваюць цесную сувязь з беларускай аграрнай навукай. І гэтае супрацоўніцтва прыносіць плён.
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын» выступіла з ініцыятывай ушанавання ўдзельніц жніва-2022, якія ўносяць уклад у харчовую бяспеку нашай краіны.
За высокі прафесіяналізм Людміла Лісіцына ўшаноўвалася ганаровымі званнямі «Жанчына года Віцебшчыны» ў 2007 годзе, «Чалавек года Віцебшчыны» ў 2012 годзе, была адзначана ўзнагародамі на фестывалях-кірмашах працаўнікоў вёскі «Дажынкі», узнагароджвалася Ганаровымі граматамі розных узроўняў. На бягучым тыдні капілка ўзнагарод працавітай жанчыны папоўнілася Падзячным лістом Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» за ўдзел у акцыі «Хлеб на далонях жанчыны». Актывісткі грамадскага аб’яднання зычылі ёй моцнага здароўя, высокіх ураджаяў і духмянага хлеба на стале.