Упершыню па блаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Паўла, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ўсяе Беларусі, учора распачаўся агульнаепархіяльны Хрэсны ход з Крыжам прападобнай Еўфрасінні Полацкай, прысвечаны 1000-годдзю прастаўлення святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Святыня ажыццявіць сваё першае далёкае падарожжа па 11 адміністрацыйных цэнтрах, якія знаходзяцца на тэрыторыі Полацкай епархіі.
Кожны дзень Хрэснага ходу будзе пачынацца Боскай літургіяй, Крыж будуць сустракаць жыхары раённых цэнтраў, праходзіць з ім па населеных пунктах. Пакланіцца святыні змогуць усе жадаючыя жыхары беларускай глыбінкі.
Учора Крыж Прападобнай пабываў у цэрквах Полацка, увечары пакланіцца святыні змаглі жыхары суседняга Наваполацка: малебен адбыўся ў цэнтры горада — на плошчы Будаўнікоў. Сёння Крыж прападобнай Еўфрасінні сустрэнуць жыхары Расон, у наступныя дні — Верхнядзвінска, Міёр, Браслава, Шаркаўшчыны, Глыбокага, Пастаў, Докшыц, Бягомля і Ушачаў. Праз 9 дзён — 18 чэрвеня — святыня вернецца дадому. Яе ўрачыстая сустрэча адбудзецца ля Паклоннага крыжа на ўездзе ў Полацк з боку Мінска. У дзень вяртання Крыжа пройдуць набажэнствы ў полацкіх цэрквах .