Па старонках гісторыі газеты «Полацкі веснік»

Год исторической памяти Калейдоскоп

2 ліпеня 1941 года да выпуску рыхтаваўся чарговы нумар газеты «Большэвіцкі шлях» (пад такой назвай выходзіла полацкая газета ў той перыяд), але першая моцная бамбёжка горада змяніла планы рэдакцыі. Друкарня была знішчана, і амаль на два гады полацкая перадавіца прыпыніла свой выпуск.

Толькі ў пачатку чэрвеня 1943г. у лясной зямлянцы, у глыбокім падполлі выйшаў першы нумар газеты-партызанкі, які стаў сапраўдным падарункам для ўсіх жыхароў Полаччыны. Былы супрацоўнік полацкай «раёнкі» Павел Андрэевіч Шадзеўскі змог зберагчы першую паласу 3377-га нумара. Артыкулы «Біць акупантаў насмерць» і «Буйны правал гітлераўцаў», звесткі пра захаваны апошні даваенны нумар і новыя задачы былі адлюстраваны на дзвюх старонках «чацвяртушкі», як ласкава газету называлі партызаны.

Павел Бяляўскі, адзін з супрацоўнікаў полацкай газеты часоў Вялікай Айчыннай вайны, а ў будучым старшыня Дзяржкамітэта па кінематаграфіі, успамінаў: «Гэта было ў маі 1943-га. Ноччу на партызанскі аэрадром каля в.Сяляўшчына прызямліўся самалёт з Вялікай зямлі. Партызанскія злучэнні Расонскага, Полацкага і Дрысенскага раёнаў атрымалі чарговую партыю зброі, боепрыпасаў, газеты і часопісы. Сярод розных скрынак і мяхоў вы­дзяляліся 2 невялікія чамаданы. Па тым, як з імі абыходзіліся, было відаць, што прыбыў асабліва каштоўны груз. Чамаданы адразу ж у суправаджэнні аховы адправілі ў штаб 3-й Беларускай партызанскай брыгады. У іх была паходная друкарня».

Газета выдавалася раз у тыдзень невялікім фарматам, на адным аркушы, тыражом каля 250 экзэмпляраў. У асноўным змяшчаліся звесткі з фронту, аб росце партызанскага руху, матэрыялы пра ўдалыя аперацыі і дыверсіі, а таксама жалобныя паведамленні пра гераічна загінуўшых членаў брыгады. Распаўсюджвалася як сярод партызан, так і сярод мясцовага насельніцтва. За першыя чатыры месяцы выйшла пятнаццаць нумароў.
У кастрычніку 1943г. фашысты ўварваліся ў партызанскі раён. П.Бяляўскі ра­зам з партызанам М.Манісам, у будучым заслужаным настаўнікам БССР, вядомым полацкім краязнаўцам, прыгля­дзеўшы ў лесе ля вёскі Даўгабор’е вялікую сасну, выкапалі пад ёй яму і схавалі там друкарскі станок і іншую маёмасць друкарні. Ужо пасля вызвалення Полаччыны М.Маніс і П. Шадзеўскі знайшлі тую сасну і адкапалі станок. Сёння яго можна пабачыць у экспазіцыі Музея баявой славы.

Першым рэдактарам газеты быў Фёдар Шэдаў, ураджэнец Полаччыны, у 1943г. камісар 3-й Беларускай партызанскай брыгады. Але, па сутнасці, газету рабілі Павел Ша­дзеўскі і Павел Бяляўскі, былы сельскі настаўнік, а Ф.Т.Шэдаў здзяйсняў толькі агульны нагляд за выданнем. Наборшчыцай газеты стала Таццяна Сакалова, якой дапамагалі партызаны І.Дворнікаў, Ф.Ляхаў і П.Іваноў. 

Выпуск газеты аднавіўся П.Ша­дзеўскім і П.Бяляўскім у вызваленай в.Труды. Аўтары матэрыялаў — камандзіры і камісары партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, а таксама простыя партызаны. Сярод іх Д.Файнгелерынт, Г.Макагін, Л.Гарбук і іншыя. На старонках газеты былі і розныя прыпеўкі, прыказкі, загадкі. Вось напрыклад: «Пуза ў гумалястыкі, на мундзіры свастыка. Есць усё, што ўкрадзена, што гэта за гадзіна?» Такія матэрыялы ўздымалі баявы настрой.

У 1944 г. выйшла 19 нумароў полацкай газеты. Апошні — ад 7 мая 1944 г. Ён змяшчаў матэрыялы пра набліжэнне фронту да нашага горада. Пасля крывапралітных баёў раніцай 4 ліпеня 1944г. на будынку былога кадэцкага корпуса быў узняты чырвоны сцяг, які абвясціў аб вызваленні Полацка, а праз два дні выйшаў чарговы нумар «Большэвіцкага шляху».

Ірына ВОДНЕВА,
загадчык Краязнаўчага музея.
Фота з архіва Краязнаўчага музея.