На зямлі павінен быць парадак — такі галоўны прынцып працы кіраўніка сельгаспрадпрыемства «П-С Карпекі» Аляксандра Кавалёва і галоўнага агранома гэтай гаспадаркі Іны Ванславовіч (на фота).
Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» гэтая гаспадарка Полацкага раёна прызнана пераможцай сярод сельгаспрадпрыемстваў.Названы конкурс праводзіцца штогод, і яго мэты — зацікаўленасць людзей, працуючых на зямлі, у эфектыўнасці выкарыстання і ахове земляў, павышэнне ўрадлівасці глебы, культуры земляробства. Кампетэнтная камісія ацэньвала агульны эстэтычны выгляд палёў (выраўненасць, адсутнасць кустоўя, пустазелля, стан пасеваў і інш.), улік папярэднікаў пры размяшчэнні культур, пад’ём зябліва пад ураджай будучага года ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны, а таксама паўнату і мэтавае выкарыстанне земляў.
— У апрацоўцы глебы, на сяўбе і падчас уборкі сельскагаспадарчых культур вялікая нагрузка кладзецца на механізатараў. Але нашы кадры не стамляюцца вучыцца, і потым, калі мы атрымліваем добрыя ўраджаі, самі задаволены, што намаганні прыкладаліся не дарэмна. Мы імкнемся працаваць з захаваннем усіх тэхналогій: пачынаючы ад тэрмінаў пасадкі, якасці насеннага матэрыялу, своечасовых хімапрацовак да ўнясення ўгнаенняў.
Сёлета, напрыклад, мы можам ганарыцца вырашчанай канюшынай, тэхналогію вырошчвання і скашвання якой вывучылі дасканала, атрымалі добрую ўраджайнасць рапсу, збожжавых. Сёлета пад кукурузу мы аддалі плошчу 300 гектараў замест 260.
І не пашкадавалі! Прадпрыемства-інвестар дапамагло з набыццём угнаенняў для гэтай культуры, сыграла сваю ролю і своечасовае ўнясенне арганікі. І на сённяшні дзень каралева палёў дэманструе ўраджайнасць 516 цэнтнераў з гектара, — з гонарам расказваў Аляксандр Кавалёў.Разам з галоўным аграномам яны штогод загадзя, яшчэ вясной, пралічваюць ураджайнасць культур, прагназуюць колькасць назапашаных кармоў. Планаванне працы — палова поспеху. Гэту ісціну добра засвоілі і кіраўніцтва, і працаўнікі «П-С Карпекі».