У аўторак у Полацкім раёне прайшло свята першага снапа, на якім дадзены старт масавай уборцы хлеба. У гэтую ліпеньскую пару жыта ўжо хіліцца ў полі, каласы набраклі бурштынавым сокам.
Урачыстасць прайшла на адным з пшанічных палёў УП «Палімір-Агра». На свята прыехалі старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, старшыня ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Баратынскі, яго намеснікі, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна. З мэтай здзейсніць малітву прыехаў свяшчэннаслужыцель царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы айцец Валерый. Для здзяйснення абраду «Зажынкі», які здаўна захоўваецца на Беларусі, прыехаў гурт «Голас Спадчыны» Багатырскага СДК. На ўскрайку зжатага пшанічнага поля ў шарэнгу выстраіліся ўборачныя камбайны і машыны для адвозкі зерня. Поруч са сваімі стальнымі конямі стаялі камбайнеры УП «Палімір-Агра».
Распачаў свята старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук. Ён адзначыў, што з аўторка раён пачынае жыць па законах масавай уборкі хлеба. А гэта значыць — кожная раніца традыцыйна будзе пачынацца з селектарнай нарады кіраўнікоў гаспадарак, на якой будуць агучвацца вынікі працы за папярэдні дзень і існуючыя праблемы — з тэхнікай або кадрамі. Райвыканкам і ўпраўленне райсельгасхарчу гатовы прыйсці на дапамогу ўсім сяльчанам. «Жніво — гэта падвядзенне вынікаў працы ўсяго года. Уборка хлеба пакажа, што мы вырасцілі, як і колькі», — падкрэсліў Мікалай Шаўчук.
Загулі стальныя коні, хлебнае багацце хутка паплыве ў гумны. Некалькі кругоў на камбайне праехаў Мікалай Шаўчук: «Хацелася адчуць асалоду жніва. Я вельмі люблю гэтую пару…». Першыя зярняткі з палёў Полацкага раёна, зліваючыся ў жытнёвую раку, хутка лягуць вялікім караваем на стол нашай Радзімы.