«Ноч музеяў» у Полацку адкрыла нязведаныя таямніцы полацкай гісторыі

Культура

Кожны музей Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка — унікальнае месца, дзе сплятаюцца даўніна і сучаснасць, і кожны год у «Ноч музеяў» ажываюць старонкі гісторыі. І 2017, вядома, не стаў выключэннем — у адзін з цёплых майскіх вечароў супрацоўнікі музейных устаноў падрыхтавалі для палачан і гасцей горада цікавую пазнавальна-забаўляльную праграму. Пачнём падарожжа. 

Для дзетак
Самых маленькіх і цікаўных на пляцоўцы ля Прыродна-экалагічнага музея чакала сустрэча з гадаванцамі аддзела экалагічнага выхавання Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Дзеткі і іх бацькі кармілі трусоў, разглядалі фанабэрыстых курачак, фатаграфаваліся з чарапашкамі і са здзіўленнем сачылі за паво­дзінамі мадагаскарскіх прусакоў. А потым усе, хто любіць назіраць за птушкамі, апынуліся на адкрыцці выставы Віталя Кашчэева «Пад покрывам вады». Віталь Аляксандравіч вучыў наведвальнікаў пазнаваць прыроду праз аб’ектыў фотакамеры. У захапленні ад работ аўтара былі ўсе, бо кожная птушачка на іх, як жывая. Глядзіш на чарговы фотаздымак, і чуеш, як плёскаюцца невялічкія хвалі на вадзе, куды толькі спусцілася качка. Прыгажосць…

Лялька-абярэг
А мы працягваем сваю вандроўку па полацкіх музеях. І наш наступны прыпынак — Дзіцячы музей. Тут дзетак і дарослых чакала адкрыццё выставы «Матчын абярэг» і знаёмства з каларытным майстрам з в.Фарынава Зінаідай Лёцінай, якая прадставіла экспазіцыю лялек са сваёй прыватнай калекцыі. Зінаіда Мікалаеўна расказала, што першапачаткова лялькі былі абярэжнымі ці каляндарна-абрадавымі, і робяцца абярэгі абавязкова без нажніц і іголак. Зінаіда Лёціна пазнаёміла малых і іх бацькоў амаль з кожнай лялькай, паведаміла пра гісторыю яе стварэння. А потым прапанавала кожнаму прысутнаму зрабіць сваю ляльку. І наведвальнікі дружна ўзяліся за працу, і кожны выхо­дзіў з музея са сваім абярэгам.

Распісныя торбачкі
Крочым далей. І трапляем на незвычайны майстар-клас у Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.


— Палатняныя торбачкі з разнастайнымі прынтамі зараз карыстаюцца вялікай папулярнасцю, а што можа быць лепей, чым аздобіць іх такімі прыгожымі і роднымі арнаментамі з выявамі раслін, кветак. Вось мы і вырашылі правесці майстар-клас па роспісе акрылавымі фарбамі моднага аксэсуара. Вельмі рады, што нашым наведвальнікам гэтая тэма прыйшлася даспадобы, — падзялілася вядучы навуковы супрацоўнік музея Наталля Шыпіла.


За аснову трафарэтаў, якімі карысталіся ўдзельнікі, былі ўзяты фотаздымкі прадметаў калекцыі тэкстылю з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.


Пакуль наведвальнікі размалёўвалі свае торбачкі, творчую атмасферу дапамагалі ствараць узорны ансамбль «Таўкачыкі» і трыа «Грацыя».

Элегантны арт-нуво
І вось цудоўныя торбачкі гатовыя. Адпраўляемся за шыкоўным вобразам на стацыянарную выставу «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай». Тут музейныя работнікі прапаноўвалі пазнаёміцца з экспазіцыяй «Ах, гэты жаночы капялюш!..», на якой былі прадстаўлены далікатныя жаночыя ўборы.

А потым заві­таць на майстар-клас «Элегантны арт-нуво» па стварэнні жаночай прычоскі пачатку ХХ стагоддзя. Лёгкія паветраныя пасмачкі, косы і адзен­не таго часу — і ты трапляеш у іншую эпоху. А дапамагалі наведвальнікам здзейсніць незвычайнае падарожжа ў мінулае навучэнцы Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа.

Менавіта дзяўчаты стваралі прычоскі. Дарэчы, юныя майстры прызналіся, што элементы многіх прычосак таго часу ім вельмі падабаюцца, бо ёсць у іх нешта асаблівае.

Жывая газета
Што ж, вобраз створаны. Значыць, самы час адпраўляцца на сустрэчу з цудоўным. Накіроўваемся ў Краязнаўчы музей, каб пабываць на інтэрактыўнай пляцоўцы «Жывая газета». Тут насамрэч ажылі тры літаратурныя старонкі, якія рэгулярна друкуюцца ў «Полацкім весніку». У зале, дзе размясцілася выстава, прысвечаная 100-годдзю полацкай газеты, прайшлі адна за адной творчыя сустрэчы членаў полацкіх народных літаб’яднанняў «Наддзвінне», «Літературный ковчег» і «Полоцкая ветвь».

На працягу некалькіх гадзін у Полацкім края­знаўчым музеі гучалі вершы і песні. Атмасфера на інтэрактыўнай пляцоўцы была неверагоднай, здавалася, словы спляталіся ў мілагучныя радкі самі сабой, дорачы прысутным асалоду ад пачутых вершаў.

Мастацтва і музыка
Уволю наслухаўшыся літаратурных твораў, адпраўляемся ў Мастацкую галерэю, дзе да «Ночы музеяў» была падрыхтавана насычаная праграма. Кожнаму тут прапаноўвалі акунуцца ў свет фарбаў і наведаць шматлікія выставы, а потым зазір­нуць на традыцыйную «Сустрэчу ля раяля» — канцэрт настаўнікаў і навучэнцаў Наваполацкага музычнага каледжа.

І, безумоўна, усіх наведвальнікаў галерэі чакаў у тую Ноч незвычайны сюрпрыз — перфоманс «Дабрабыт» ад мастака Канстанціна Мужава. Гледачоў ён уразіў і ўскалыхнуў, выклікаў шматлікія пытанні, падштурхнуў да разважанняў.

У пошуках скарбаў
Калі амаль сцямнела, мы адправіліся на пошукі скарбаў Полацкага калегіума. Традыцыйна Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт у «Ноч музеяў» запрашае ўсіх жадаючых акунуцца ў атмасферу таямнічага і нязведанага.

Су­стрэча з манахам-іезуітам, студэнтамі і выкладчыкамі мінулых стагоддзяў, старадаўнія скляпенні, зачароўваючыя гукі музыкі, водбліскі свечак, размова з велізарнай механічнай галавой — усё гэта стварала дзіўную атмасферу загадкавасці. У доўгіх калідорах удзельнікаў экскурсіі сустрэў старажытны прывід калегіума, які літаральна прымусіў ціхенька красціся за ім, каб знайсці скарб. Аж мурашкі па скуры, так усё незвычайна, чароўна, нібы ў казцы.

Калі ў сценах Полацкага калегіума стала спакойна, гасцей запрасілі пачаставацца шакаладам, а потым выйсці ва ўтульны пана­дворак, дзе зноў чакалі сустрэча з манахам і чароўны гадзіннік уні­версітэта.


Начная экскурсія «У пошуках скарбаў Полацкага калегіума» ў кожнага пакінула незабыўныя ўражанні. Наведвальнікі яшчэ доўга будуць помніць прыгоды ў сценах старажытнай навучальнай установы.

Ад класікі да джазу
А яркім фінальным акордам «Ночы музеяў» у Полацку стаў канцэрт «Арганныя шэдэўры. Ад класікі да джазу» ў велічнай Сафіі. Шматлікія аматары арганнай музыкі з нецярпеннем чакалі гэтую падзею. Салістка канцэрт­най залы Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая зноў парадавала слу­хачоў.


…Паўзмрок, і толькі гукі аргана, то лёгкія, мяккія і далікатныя, то моцныя і велічныя. Кожны акорд ускалыхваў пачуцці, ахутваў самыя далёкія стрункі душы, а потым імкліва знікаў, каб зноў напоўніцу загучаць…
«Ноч музеяў» у Полацку адкрыла нязведаныя таямніцы полацкай гісторыі і падарыла жыхарам і гасцям незабыўныя ўражанні, якія надоўга застануцца ў памяці.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *