Ужо 26 гадоў радуе сваіх прыхільнікаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай песні «Заманіха» Полацкага раённага Цэнтра культуры

Творчы шлях музычнага калектыву — гэта не толькі яскравыя выступленні, але і штодзённая праца, адданасць традыцыям і любоў да сваёй справы.

Менавіта на гэтых асновах ужо 26 гадоў радуе сваіх прыхільнікаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай песні «Заманіха» Полацкага раённага Цэнтра культуры.
За час свайго існавання ансамбль стаў сапраўдным культурным набыткам рэгіёна. Геаграфія гастроляў «Заманіхі» ўражвае, але для саміх артыстаў важней за ўсё прызнанне гледачоў, якія чакаюць іх выступленняў у кожным горадзе.

Яркі старт
Гісторыя калектыву пачалася ў 2000 годзе. Ідэя стварэння ансамбля належала Раісе Палынскай, якая ў той час узначальвала раённы Дом культуры. Першым ідэйным натхняльнікам і кіраўніком стала Ірына Гарбунова: менавіта яна аб'яднала вакол сябе восем захопленых аднадумцаў, энергія якіх і стала «рухавіком» будучага поспеху.

Дарэчы, сваёй незвычайнай назвай ансамбль абавязаны простай нагодзе. Ірына звярнула ўвагу на маляўнічы хмызняк з ярка-чырвонымі ягадамі, які рос ля дома — ён так прыцягваў позірк, маніў, што назва «Заманіха» нара­дзілася сама сабой. І, як паказаў час, яна аказалася прарочай: творчасць артыстаў сапраўды стала «заманьваць» і пакараць сэрцы гледачоў.

У 2004 годзе за высокі прафесіяналізм, вернасць народным традыцыям і насычанае канцэртнае жыццё калектыў атрымаў ганаровае званне «народны». Важнай вехай у гісторыі ансамбля стаў 2005  год, калі творчы састаў дапоўніў артыст Сяргей Смулько, які ў 2010 годзе ўзначаліў калектыў. Пад яго кіраўніцтвам «Заманіха» выйшла на новы ўзровень: у чэрвені 2021 года Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь ансамблю было прысвоена высокае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». У красавіку гэтага года арстысты з бляскам пацвердзілі свой ганаровы статус.

Сплаў творчасці і традыцый
Сёння «Заманіха» — гэта згуртаваная каманда з 17  аднадумцаў. Узроставы дыяпазон удзельнікаў: ад 25 да 64  гадоў. У такім творчым саюзе гарманічна ўжываюцца як прафесіяналы з акадэмічнай музычнай адукацыяй, так і сапраўдныя самародкі, якія прыйшлі ў калектыў без пад­рыхтоўкі, але з вялізным жаданнем спяваць.

— Кожны выканаўца — гэта яркая індывідуальнасць, — дзеліцца кіраўнік калектыву Сяргей Смулько. — Іх харызма робіць ансамбль па-сапраўднаму жывым.

«Заманіха» даўно перарасла фармат звычайнага ансамбля. Гэта сапраўдная творчая лабараторыя, дзе штодзень кіпіць работа над складанай партытурай і філіграннай тэхнікай выканання. Асаблівую глыбіню выступленням надае інструментальны гурт: баян, скрыпка, басэтля і ўдарныя ствараюць той самы аб'ёмны гук, які так цэняць слухачы. Галоўная місія калектыву — беражлівыя адносіны да спадчыны. Удзельнікі ансамбля рэгулярна адпраўляюцца ў фальклорныя экспедыцыі, каб адшукаць і вярнуць да жыцця забытыя жамчужыны беларускай народнай песні. Знойдзены матэрыял не проста выконваецца — ён здабывае новае гучанне дзякуючы сучасным аранжыроўкам, якія падкрэсліваюць, а не скажаюць аўтэнтычную глыбіню фальклору. «Заманіха» не абмяжоўваецца толькі народнай творчасцю. Калектыў актыўна супрацоўнічае з сучаснымі аўтарамі. У рэпертуары таксама беражліва захоўваюцца творы Ірыны Гарбуновай, якая стаяла ля вытокаў ансамбля. Дзякуючы такому падыходу выступленні «Заманіхі» заўсёды гучаць свежа і шматгранна: ад глыбокіх а cappella і аўтарскіх кампазіцый да яркіх інструментальных нумароў і народных песень у арыгінальнай апрацоўцы.

У 2024 годзе ансамбль паспяхова рэалізаваў праект «Заманіха запрашае!». У рамках ініцыятывы артысты правялі серыю адкрытых рэпетыцый і майстар-класаў, стаўшы настаўнікамі для жыхароў раёна, супрацоўнікаў сельскіх дамоў культуры і творчай моладзі Полаччыны. 

У кагорце лепшых
Заслужаны аматарскі калектыў вядзе актыўную гастрольную дзейнасць, паспяхова сумяшчаючы канцэртныя выступленні з удзелам у прэстыжных творчых конкурсах. За гады існавання артысты паспелі выступіць у многіх гарадах Беларусі, Расіі, Польшчы і краін Прыбалтыкі.

Прыход у ансамбль маладых выканаўцаў прынёс з сабой не толькі новую энергію, але і новы погляд на папулярызацыю. Не так даўно «Заманіха» асвоіла TikTok, і гэты крок стаў вельмі ўдалым. Кароткія дынамічныя ролікі дапамагаюць весці даверны дыялог з падпісчыкамі і фарміраваць пазітыўны імідж калектыву ў лічбавай прасторы. 

Гэты год азнаменаваўся для калектыву важнай міжнароднай падзеяй. У складзе афіцыйнай дэлегацыі Віцебскай вобласці Сяргей Смулько і Ала Жульева наведалі Кітайскую Народную Рэспубліку. Удзел у Кітайска-Расійска-Беларускім форуме і Харбінскім міжнародным гандлёва-эканамічным кірмашы стаў важным этапам у развіцці калектыву, дазволіўшы прадэманстраваць высокі ўзровень беларускага мастацтва на міжнароднай арэне.
На сённяшні дзень ансамбль «Заманіха» па праву лічыцца адным з самых паспяховых і запатрабаваных творчых калектываў Полацкага раёна. Высокі прафесіяналізм артыстаў і іх уменне беражліва захоўваць самабытнасць беларускай музычнай спадчыны забяспечваюць калектыву нязменныя аншлагі на кожным выступленні. Ансамбль неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі. Гэтыя поспехі — заканамерны вынік актыўнага ўдзелу ў культурных праектах і высокага ўкладу ў папулярызацыю беларускіх традыцый на Полаччыне.

Сяргей Смулько, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай песні «Заманіха»: 
 — Напярэдадні Дня работнікаў культуры калегам па творчым цэху жадаю натхнення, любові да сцэны і шчырых прыхільнікаў, радавацца і дарыць энергію акаляючым.

Фота з архіва калектыву.

Похожие новости