На маркоўным полі філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» ў вёсцы Чарнаручча ішла шпаркая праца. На дапамогу сяльчанам ва ўборцы аранжавай прынцэсы восеньскага поля прыехалі навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў г.Полацка — хіміка-тэхналагічнага і медыцынскага каледжаў.
Хлопцы і юнакі працуюць у гаспадарцы з сярэдзіны мінулага тыдня, добры ўраджай морквы спрыяе іх бадзёраму настрою. На пытанне, ці цяжкую працу даводзіцца выконваць, моладзь з усмешкай адказвала, што паўнюткія вёдры буйных і салодкіх караняплодаў набіраюцца хутка і незаўважна. Ураджай адразу грузяць у прычэп трактара. Працу кожнага фіксуюць куратары, ад колькасці вёдзер залежыць будучы заробак. На поле яны прыязджаюць у 9 гадзін, працуюць да 14.30, а потым да працы прыступае другая змена навучэнцаў.
Галоўны аграном філіяла Ганна Грышкевіч выказала сваю задаволенасць сёлетнім ураджаем морквы. Яна вырасла буйная, роўненькая, прыгожая і па смакавых якасцях — добрая. Сёлета ў філіяле аддалі перавагу сартам морквы «Маэстра» і «Дардонь», адвялі пад гэтую культуру плошчу ў 17 гектараў, і не прагадалі: морква дэманструе высокую ўраджайнасць — 320 цэнтнераў з гектара. На момант нашай размовы ўжо была ўбрана плошча 13 гектараў, засталося — 4, на тыдзень працы. Галоўны аграном патлумачыла, чаму морква ўбіраецца ўручную. Паспрабавалі камбайнам, але ён вельмі псуе караняплоды. Шкада. Лепш захаваць ураджай у добрым стане, таму запрасілі на дапамогу палачан.
Куратары навучальных устаноў расказалі, што свой спрыт на градках паказваюць будучыя тэхнікі-механікі, ткачы-цырульнікі і фельчары. Усе працуюць старанна.
Морква з філіяла «Вясна-энерга» ўжо пачала паступаць у гандлёвыя кропкі Полацка і Наваполацка. Дарэчы, сёлета парадавалі агароднінаводаў ураджайнасцю і якасцю і буракі: убіралі па 620 цэнтнераў з гектара. Дзякуючы намаганням прафесіяналаў з «Вясны-энерга» на нашых сталах свежай агародніны будзе ўдосталь.
Аліна БАЛЬШАКОВА.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.