Пасля падпісання ў 1921 годзе Рыжскага мірнага дагавора, урад Польшчы падзяліў анэксіраваныя беларускія землі на 4 ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Віленскае і Беластоцкае. Галоўным культурным і навуковым цэнтрам Заходняй Беларусі быў горад Вільня, прамысловым — Беласток.
Уласна кажучы, у эканамічных адносінах Заходняя Беларусь была аграрнай ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася пераважна як крыніца сыравіны і таннай рабочай сілы. 80 працэнтаў насельніцтва было занята ў сельскай гаспадарцы. Буйных землеўладальнікаў сярод беларусаў не было, але агульны ўзровень развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці з’яўляўся даволі высокім. У 1920-30-х гадах Польшча правяла паспяховую зямельную рэформу, увяла хутарскую сістэму.
Што ж датычыцца грамадскага, культурнага, духоўнага жыцця, то, згодна з 7-м артыкулам Рыжскага дагавора, беларусам, як і іншым нацыянальным меншасцям у Польшчы, павінны былі быць забяспечаны роўныя з палякамі правы ў палітычным жыцці, развіцці сваёй культуры, мовы, а таксама ў веравызнанні. Шматлікія правы і свабоды нацыянальным меншасцям абяцала і канстытуцыя Польшчы і закон аб мовах, прыняты ў 1924 годзе.
Але на практыцы польскія ўлады з самага пачатку павялі жорсткі курс на апалячванне насельніцтва. Гэта закранула ўсе бакі жыцця заходніх беларусаў. Важнейшыя пасады ў мясцовых органах самакіравання не былі выбарнымі. Назначэнне на іх праводзіў стараста, прысланы ўладамі, як правіла, з заходніх раёнаў Польшчы. Ён не ведаў беларускай мовы і не збіраўся яе вывучаць. Не збіраліся вучыць беларускай мове і ў школах.
Пачаўся масавы перавод выкладання на польскую мову. З 400 беларускіх школ, якія працавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921 годзе, да 1928 года засталося 29, а ў 1934-м — усяго 16. Былі зачынены дзве настаўніцкія семінарыі, 8 беларускіх гімназій. Да таго ж, педагогаў набіралі пераважна з палякаў, якія не толькі не ведалі беларускай мовы, але забаранялі дзецям размаўляць па-беларуску.
Праследвалася і беларуская прэса. Калі ў 1927 годзе выдавалася 23 беларускія газеты і часопісы, то да 1930 года іх заставалася ўсяго 12, а да 1939-га — толькі прапольскія і клерыкальныя выданні.
Што датычыцца пытанняў рэлігіі, то роўныя правы канфесій былі толькі фармальнасцю. Існавала практыка гвалтоўнага захопу цэркваў і ператварэння іх у касцёлы. Паводле дадзеных даклада Адама Станкевіча, каталіцкага святара, аднаго з лідараў хрысціянска-дэмакратычнага руху (даклад захоўваецца ў Беларускім архіве-музеі літаратуры і мастацтва), больш чым 1300 праваслаўных храмаў былі ператвораны ў касцёлы. Да таго ж, беларусы-каталікі, а іх у Заходняй Беларусі было каля 950 тысяч, паводле перапісу 1921 года, былі запісаны як палякі. Нават сам тэрмін «Заходняя Беларусь» не прызнаваўся. Яе называлі «Крэсы Усходні» (Усходнія ўскраіны) або Белапольшча.
Што маглі проціпаставіць беларусы машыне апалячвання? Грамадзянскае супраціўленне і асветніцкую дзейнасць.
Пасля 17 верасня 1939 года, калі ўз’яднаўся беларускі народ, пачалася новая стваральная старонка нашай гісторыі.