Народны клуб лапікавага шыцця «Рошва» Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур адзначыў 10-годдзе

Главное

Ёсць на Полаччыне сапраўдныя таленты!.. Не стамляюся пераконвацца ў гэтым, наведваючы самыя разнастайныя імпрэзы — канцэрты, выставы, прэзентацыі… У Полацкім раённым цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур свой дзесяцігадовы юбілей адзначылі адны з самых вядомых майстроў Полаччыны — народны клуб лапікавага шыцця «Рошва».

Майстрыхі клуба сваімі цудоўнымі працамі ўжо шмат год славяць полацкі край у Беларусі і за мяжой. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што на сустрэчу, прысвечаную юбілею, прыехалі госці з самых розных гарадоў — Наваполацка, Мінска, Гродна… Сябры «Рошвы» са сталіцы сёлетніх абласных «Дажынак», Гарадка — дырэктар Дома рамёстваў Васіль Сіманковіч і кіраўнік народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі» Жана Гусейнава — уручылі юбілярам духмяны каравай. Старшыня літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» Мікалай Балдоўскі прысвяціў верш кіраўніку клуба Ніне Ярмух. А колькі яшчэ цёплых слоў і віншаванняў ад былых удзельнікаў клуба, вучняў, сяброў і калегаў пачулі полацкія майстрыхі ў той вечар!..

Ад пачатку

Дырэктар ЦРНК Вольга Шаркевіч правяла невялічкі экскурс у гісторыю «Рошвы». У 2001 годзе ў тады яшчэ Гарадскім цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур былі арганізаваны курсы лапікавага шыцця. Аднак ужо першая сціплая выстава ў 2003 г. выклікала ў палачан масу станоўчых эмоцый! Назапашваючы досвед забытага майстэрства, не цураючыся карпатлівай працы, майст­рыхі працягвалі работу і ўжо ў 2004 годзе вырашылі стварыць клуб, які назвалі «Рошва».

Рошва — гэта старажытнае шво, якое ўпрыгожвае вопратку і злучае яе дэталі. Бы гэтае шво, клуб аб’яднаў неабыякавых да цікавай справы энтузіястак на чале з Нінай Ярмух, якая кіруе ім ужо 10 год.

У 2006 годзе «Рошва» атрымала званне народнага калектыву. Майстрыхі штогод удзельнічаюць у фестывалі мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску і іншых разнастайных мерапрыем­ствах — конкурсах, фестывалях рознага ўзроўню. А ў 2007 г., да 1145-годдзя Полацка, «Рошва» распачала свой самы маштабны праект — «Полацкі абярэг». Гэтае палатно агульнай плошчай у 91 м2 створана рукамі больш трох соцень майстроў з Беларусі, Украіны, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Германіі, Малдовы, Балгарыі, Казахстана, Велікабрытаніі і Аргентыны.

Найноўшая гісторыя

У 2009 годзе «Рошва» ініцыявала правядзенне ў Полацку першага ў Беларусі фестывалю лапікавага шыцця «Полацк-квілт», у якім прынялі ўдзел 33 майстра з Беларусі і Расіі. Палачанкі заваявалі 5 прызавых месцаў!

А ў гэтым годзе майстрыхі вырашылі прыняць удзел у ІІ адкрытым Міжнародным конкурсе лапікавага шыцця «Квілт-фэст-2014». 17 калектываў прадставілі свае праекты, якія рыхтавалі на працягу 6 месяцаў, у выставачным комплексе Цэнтра дызайну ў Маскве. Адбылося нечаканае: падчас конкурсу журы заснавала вышэйшую ўзнагароду фестывалю — Гран-пры, і гэтай узнагародай уганараваны праект «Грані» народнага клуба лапікавага шыцця «Рошва» Полацкага раённага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур! Падрабязна пра гэты твор распавядаў спецвыпуск «Полацкага весніка», прысвечаны Дню горада-2014.

— Цяжка вызначыць, якая работа — самая значная для нас, — кажа Ніна Ярмух. — Напрыклад, сёння мы ў захапленні ад «Граней». Але рэалізуем наступны праект, і, упэўнена, ён будзе падабацца нам не меней!

Вольга Анатольеўна Шаркевіч распавяла пра самую апошнюю на сённяшні дзень работу — дзіцячую коўдру «Жураўлікі», сшытую адмыслова для дабрачыннай акцыі ў Маскве. Усе сродкі ад продажу праз аўкцыён накіроўваюцца ў фонд рэабілітацыі цяжка хворых дзяцей.

…Узгадалі на сустрэчы Людмілу Швыдкую, удзельніцу клуба, заўчасна пайшоўшую з жыцця. «Яна была своеасаблівым міні-лакаматывам, які не дазваляў сядзець склаўшы рукі і прымушаў разам рухацца наперад, ствараць­ і радавацца ўсяму новаму», — так характарызуюць яе калегі па творчасці… У памяць пра Людмілу Швыдкую прагучалі музычны твор кампазітара Аляксандра Глазунова «Развага» і верш.

За шматгранны творчы патэнцыял, залатыя рукі і актыўны ўдзел у творчым жыцці калектыву і ў сувязі з 10-годдзем народнага клуба «Рошва» яе ўдзельніцам уручаны граматы. У выкананні выкладчыц Полацкай дзіцячай школы мастацтваў Юліі Мінецкай і Марыны Карцялёвай гучалі музычныя падарункі.

Талент — ва ўсім!

…А вы ведалі, што ўдзельніцы клуба «Рошва» маюць талент далёка не толькі да лапікавага шыцця? Ірына Замкоўская ўразіла гасцей сустрэчы глыбокімі і пранікнёнымі спевамі, Людміла Баранкевіч прадэманстравала сваё харэаграфічнае май­стэрства. А напрыканцы імпрэзы майстрыхі выйшлі на дэфіле ва ўласнаручна зробленых у тэхніцы лапікавага шыцця касцюмах. І гэта быў ці не самы яскравы момант вечару!..

Госці сустрэчы мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй «10 год лапікавага шляху», што размясцілася ў выставачных залах ЦРНК. Палачанка Вера Пялых, з захапленнем разглядаючы палатно «Грані», падзялілася ўражаннямі: «Людзі — не птушкі, людзі — дрэвы, мы — тут, на зямлі. Як дрэва, чалавек не можа без каранёў. І «Рошва» гэтай сваёй працай цудоўна ілюстравала неабходнасць заўсёды памятаць нашы традыцыі і вытокі!».

…Ёсць на Полаччыне са­праўдныя таленты! Верыцца, што майстрыхі клуба не аднойчы ўславяць наш старажытны край. З юбілеем, «Рошва», і — новых здзяйсненняў!

Сёння «Рошва» — гэта:
Людміла Кісель
Галіна Раманава
Галіна Новік
Лідзія Прыцкер
Таццяна Калапетка
Валянціна Міхайлава
Алена Каспіровіч
Ірына Замкоўская
Алена Кавалеўская
Марына Суравец
Алена Каржукова
Таццяна Кузняцова
Ганна Панюшкіна
Галіна Лукавенкава
Людміла Баранкевіч
Алена Кулага
Таццяна Касьміна
Антаніна Мікешка
і кіраўнік Ніна Ярмух

Ігар ПАЛЫНСКІ.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *