Значным святам веснавога цыкла для беларусаў з’яўляецца «Юр’еў дзень». Адзначаюць яго па народным календары 6 мая, калі першы раз у новым годзе выганяюць статак на пашу. На Юр’ю ўшаноўваюць пастухоў, водзяць юр’еўскія карагоды, збіраюць расу.
У Полацкім раёне ўжо не першы год цэнтрам шырокіх юр’еўскіх гулянняў стаў аграгарадок Блізніца.
Абрадавае дзеянне «Юр’еўскі каравай» разгарнулася на маляўнічым падворку сям’і Брылёвых. У ім бралі ўдзел мясцовыя жыхары, творчыя калектывы Сільніцкага СДК і Вароніцкага клуба. Дзяўчаты пад абрадавыя спевы прыбралі духмяны каравай квітнеючымі галінкамі і рознакаляровымі стужкамі, а жанчыны падаслалі пад яго рушнік, насыпалі жменьку зярнятак ды паклалі капеечку, каб быў добры ўраджай.
Праз «варотцы» з рушнікоў першай выйшла са двара жанчына з іконай, потым — мужчына з караваем, за ім адна дзяўчына з зоркай, а другая — з граблямі. Бязмоўнае «Юр’еўскае шэсце» накіравалася ў поле, каб абудзіць зямлю ад зімовага сну.
З поля, як і належыць на Юр’ю, вярталіся з вясёлымі спевамі пад гармонік, а зялёны фартушок на граблях быў урачыста заменены на чырвоны. Адкрылася зямля для сельскагаспадарчай працы!
Шумную вясёлую працэсію мясцовыя жыхары сустракалі з пачастункамі. Прывітаць юр’еўскіх валачобнікаў выйшлі Святлана Іванаўна Брылёва, Тамара Аляксандраўна і Уладзімір Іванавіч Толсцікавы, Валянціна Мікалаеўна Свірко з сынам Канстанцінам. Удзельнікі шэсця зычылі гаспадарам добрага ўраджаю, дабрабыту, адорвалі велікоднымі яйкамі і запрашалі ў цэнтр аграгарадка, дзе ўжо разгарнулася галоўная святочная дзея.
І закружылася Блізніца ў юр’еўскім карагодзе! Жыхары ўдзельнічалі ў жартоўных спаборніцтвах з суседзямі з вёскі Варонічы. Духмяны пах ад наварыстага рыбнага шчаўя лунаў у паветры і запрашаў гасцей пачаставацца гэтай аўтэнтычнай стравай. Народныя забавы і гульні, арганізаваныя Полацкім раённым Цэнтрам культуры, майстар-класы ад майстроў Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, выступленні ансамбля «Фярцінка» Багатырскага СДК, вакальнай групы «Харашуха» Вароніцкага СК, выхаванцаў ДШМ Полацкага раёна філіяла «Блізніца» і Таццяны Куксёнак павесялілі ўсіх, хто ўдзельнічаў у свяце.
Вядучая роля ў рэканструкцыі ўсіх абрадавых дзеянняў належыць мясцовай прыхільніцы фальклору Вользе Станіславаўне Чобат. Дзякуючы ёй, сучасная тутэйшая моладзь можа пачуць песні, убачыць святочныя старажытныя абрады, дакрануцца да звычаяў нашых продкаў. Вольга Станіславаўна аб’ядноўвае вакол сябе людзей, якія таксама зацікаўлены ў распаўсюджанні беларускіх традыцый. Моцную падтрымку яна адчувае не толькі ад сваёй сям’і, але і ад удзельнікаў фальклорнага ансамбля «Блізнянка», кіраўніком якога з’яўляецца.
Надалі ўвагу і галоўным героям «Юр’ева дня» – пастухам. Старшыня прафкама УП «Блізніца» Мікіта Някомкін выказаў падзяку ад кіраўніцтва сельскагаспадарчага прадпрыемства «Блізніца» за добрасумленную працу пастухам У.У.Галёта і У.М.Клемянцёнку. А іх калега А.А.Ігнаценкаў атрымаў свой падарунак у полі, менавіта на працоўным месцы.
З віншавальнымі словамі да аднавяскоўцаў звярнуўся старшыня Вароніцкага сельвыканкама Уладзіслаў Высоцкі: «Першы выган жывёлы ў поле – вялікае свята. Старэйшаму пакаленню жадаю здароўя, а моладзі браць прыклад з нашых працавітых продкаў».
Кацярына Паўловіч, рэдактар Полацкага РЦК.