У апошні тыдзень перад Піліпаўскім постам Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Полацкага раёна наведалі незвычайныя госці. Не, сваю выхавальніцу Валянціну Генадзьеўну Ратнікаву малеча з дашкольнай групы, канечне ж, пазнала. Але яна была на гэты раз у незвычайна прыгожай белай сукенцы. Ды не адна. Але, што самае галоўнае, іх выхавальніца прынесла падарункі — пірамідкі, мазаіку, лялькі… Столькі радасці для дзяцей, столькі ўражанняў.
Валянціна Ратнікава вырасла ў праваслаўнай сям’і. Маці яе, Ала Уладзіміраўна, многія гады ўзначальвала сястрыцтва пры Полацкай епархіі імя Мікалая Цудатворца і святой Еўфрасінні Полацкай. Дачка звычайна была побач і на малітве ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры (скончыла Нядзельную школу пры манастыры), і ў дабрачынных паездках па сацыяльных установах. І што такое міласэрнасць Валянціна бачыла на прыкладзе маці, а яшчэ змалку ведала, што за фасадам нашага дастаткова забяспечанага жыцця ёсць нямала людзей, якім неабходна дапамога. Можа таму і прафесію такую выбрала. Спачатку закончыла музычнае аддзяленне Полацкага педкаледжа, а зараз вучыцца ў Віцебскім універсітэце імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці алігафрэна-педагогіка і лагапедыя. І вучобу сумяшчае з работай: другі год працуе выхавальніцай у Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Са сваім будучым мужам Уладзімірам Мікалаевічам Ягоранкавым яны пазнаёміліся ў час сустрэч праваслаўнай моладзі. Карані Уладзіміра на Гомельшчыне. Калі здарылася чарнобыльская бяда, сям’я Ягоранкавых перабралася на Браслаўшчыну.
Спачатку юнак закончыў Полацкі дзяржаўны лясны каледж, затым — Бранскую дзяржаўную інжынерна-тэхналагічную акадэмію. Працуе ляснічым у Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры». А яшчэ ён панамар і званар царквы Пакрава Прасвятой Багародзіцы в.Богіна, што на Браслаўшчыне.
Сёлетняй восенню Уладзімір і Валянціна згулялі вяселле. Што да незвычайнасцяў, то была да гасцей ад маладых адна просьба: каб замест букетаў кветак, каробак цукерак падарылі ім развіваючыя гульні для дзяцей. Вось і прыйшла маладая сям’я падзяліцца часцінкай свайго шчасця да дзяцей ў Цэнтр, прынеслі падарункі. Маладыя наведалі не толькі групу, дзе працуе Валянціна: прыйшлі з падарункамі і да іншых выхаванцаў і работнікаў Цэнтра. Стала гэта не толькі агульнай радасцю, але ў пэўным сэнсе і нараджэннем новай традыцыі. Шчасцем трэба дзяліцца, лічаць Уладзімір і Валянціна. Шчасце дваіх — гэта адно, а калі яно памножана на дзіцячыя ўсмешкі, шчырую радасць, святло вачэй, калі ты дзелішся міласцю сэрца з іншымі — гэта і ёсць любоў, да якой нас усіх і заклікае Гасподзь.
Вольга ГАВЯЙНОВІЧ.
Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.