Надзея Марозава, аператара машыннага даення фермы «Ніз» КУСГП «Палата» Полацкага раёна, паказвае калегам станоўчы прыклад у працы

Заботы сельские

У Надзеі Марозавай, аператара машыннага даення фермы «Ніз» КУСГП «Палата», усе дні, як блізняты: на досвітку, калі вёска яшчэ спіць, маладая жанчына ўжо спяшаецца на працу. На трактары разам з калегамі едуць на поле на ранішнюю дойку да сваіх любімых рагуль, час за працай ляціць незаўважна. Увечары яе думкі зноў заняты заўтрашнім працоўным днём: трэба пісьменна весці ўлік надоенай прадукцыі, перадаваць дадзеныя ў дыспетчарскую, адпраўляць «белае золата» на малочны камбінат.

Нядаўна Надзею Уладзі­міраўну прызначылі старшай даяркай на ферме, цяпер у яе 6 падначаленых: тры даяркі і тры пастухі. Разам з калегамі яны абслугоў­ваюць статак з 210 кароў.
«Дзяўчына спрытная, рухавая, працоўную дысцыпліну не парушае, — ахарактарызавала маладую даярку дырэктар гаспадаркі Лідзія Батура. — Калектыў фермы яе слухаецца, усе абавязкі жывёлаводы выконваюць».
Станоўчы прыклад у працы паказвае калегам сама Надзея. Яна не баіцца цяжкай працы з дзяцінства. Вырасла ў вёсцы, яе маці працавала да пенсіі таксама ў жывёлагадоўлі. Сям’я заўсёды на падворку трымала хатнюю жывёлу і кароў — таксама. На­дзея навучылася іх даіць ужо даўно. Акрамя гэтага, «прыкіпела душой» да гэтых прыгожых жывёл з вялікімі вачыма. У іх сям’і заўсёды ставіліся да каровы з асаблівай любоўю, як да галоўнай карміцелькі. Менавіта так Надзея Марозава ставіцца і да кароў на ферме.
У красавіку ад замацаванага за ёй статка з 57 кароў Надзея надаіла амаль 15 тон «белага золата». Сярэдні ўдой на карову за месяц склаў 258 кілаграмаў. Гэтыя паказчыкі ў працы дазволілі маладой даярцы выйсці ў лідары раённага працоўнага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце да 31 года.
«Перамога для мяне — нечаканая. Працавала, як звычайна, старалася», — сціпла прызналася Надзея, калі яе віншавалі з працоўным поспехам дырэктар гаспадаркі Лідзія Батура і старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі (на фота). Надзея адзначы­ла, што радасць поспеху з ёй раздзеляць бацькі, якія дапамагаюць ёй выхоўваць
4-гадовую дачку Дашу. Звычайна дзяўчынка наведвае дзіцячы садок, але ў той дзень, калі віншавалі Надзею, малая засталася дома. «Спадзяемся, што Падзячны ліст і прэмія — першыя, але не апошнія ў Вашым жыцці», — звярнуўся да даяркі Аляксандр Дабраслаўскі. Маладая жанчына паабяцала, што цяпер, пасля такой увагі, будзе працаваць яшчэ лепш.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *