Мы жывем у свой час. Тое, што штодзённа адбываецца наўкола, для кожнага зразумела і натуральна. А праз стагоддзі наш побыт для даследчыкаў гісторыі, напэўна, будзе загадкавым і дзіўным.
Кнігу жыцця палачан, якія насялялі горад у мінулыя часы, зараз гартаюць даследчыкі, якія праводзяць археалагічныя раскопкі на Верхнім замку пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Марата Клімава. Паралельна ажыццяўляецца археалагічны нагляд за будаўнічымі работамі, які вядзе другая група навукоўцаў на чале з кандыдатам гістарычных навук Ігарам Магалінскім.
Ва ўсходняй частцы Верхняга замка паўнамаштабныя археалагічныя раскопкі праводзіліся ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Даследчыя работы ідуць хуткімі тэмпамі, каб не замаруджвалася будоўля кадэцкага вучылішча. У гэтым годзе археолагі пачалі працаваць ужо ў студзені. Такая магчымасць з’явілася дзякуючы ўзведзенаму над раскопам ахоўнаму збудаванню. У ім былі ўстаноўлены цеплавыя пушкі, з дапамогай якіх адагравалася прамёрзлая глеба. Дарэчы, гэты «дах» дапамагае не зніжаць тэмп работ і сёння.
Зараз на раскопе шматлюдна: тут працуе больш за 50 чалавек — студэнты 2-3 курсаў гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта (гісторыкі), навучэнцы хіміка-тэхналагічнага каледжа, работнікі трэста №9 (Віцебск) і добраахвотнікі з ліку палачан і новапалачан. Гэта дазваляе трымаць належны тэмп.
За час даследванняў выяўлена шмат знаходак. Пераважна побытавыя рэчы. «На жаль, на гэтым участку не было жылых пабудоў, а калі і былі, то жылі ў іх прасталюдзіны — абслуга, вартаўнікі. Пра гэта сведчыць невялікая колькасць знойдзеных прэстыжных рэчаў, — зазначае Марат Клімаў. — У пэўныя перыяды тут былі рамесныя майстэрні па апрацоўцы скуры, косткі, вырабе тканіны».
Днямі даследчыкі адзначылі своеасаблівую юбілейную дату — 150 дзён раскопак — працы без выхадных і перапынкаў. За гэты час паглыбіліся да 5 метраў. Зараз даследванні вядуцца ў пласце XII стагоддзя, на зямлі перыяду дзяцінства прападобнай Еўфрасінні Полацкай. З 20 пластоў, прызначаных для вывучэння, на гэты час некранутымі засталіся 4.
А самай значнай са знаходак з’яўляецца вал. Яго наяўнасць дазваляе кардынальна пераасэнсаваць ранейшыя высновы пра тое, што Верхні замак быў выключна цырыманіяльным цэнтрам. Як лічаць археолагі, насыпалася абарончае збудаванне ў XII стагоддзі. Яно было даволі масіўным — каля 8 метраў у шырыню і 6-7 метраў у вышыню. «Атрымліваецца, што хутчэй за ўсё паралельна з Гарадзішчам княжаская сям’я жыла на Верхнім замку. Гэта самае вялікае адкрыццё апошняга часу, — зазначае Марат Васільевіч. — Вельмі хацелася б знайсці яшчэ берасцяную грамату. Спадзяемся, і ў гэтым пашанцуе».
Марат Клімаў робіць выснову, што ўсе знаходкі, выяўленыя падчас даследчых работ, упісваюцца ў раней вядомыя каноны вывучэння гарадоў XI-XIII стагоддзяў.
Дарэчы, на тэрыторыі Верхняга замка застанецца яшчэ адзін аб’ект для даследвання — рэшткі царквы прыкладна XII стагоддзя. Зараз яны закансерваваныя. А пасля распрацоўкі праекта археолагі прыступяць да вывучэння ўнікальнага аб’екта, які, няма сумнення, адкрые яшчэ не адну таямніцу.
Карпатлівая работа дазваляе асэнсоўваць мінулае, ствараючы карціну жыцця нашых продкаў стагоддзі таму. Полацкія князі імкнуліся да ведаў. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляюцца кніжныя засцёжкі, знойдзеныя пры ранейшых раскопках як на тэрыторыі загараднай рэзідэнцыі полацкіх князёў ля возера Чарсвяты, так і на Верхнім замку. Можа, менавіта тыя кнігі трымала ў руках юная Прадслава, спасцігаючы грамату?..
Правядзенне раскопак — толькі пачатак вялікай працы па вывучэнні мінулага Полацка. Пасля іх завяршэння пачнецца работа ў лабараторыі. Шматлікія артэфакты, фотаздымкі, малюнкі, чарцяжы будуць апрацоўвацца, вывучацца, сістэматызавацца. І толькі тады навукоўцы змогуць упісаць новыя старонкі ў кнігу гісторыі старажытнага горада.
З адметных знаходак можна вылучыць крыж-энкалпіён XIII-XIV стагоддзяў, калекцыю грабянёў, пераважна касцяных і некалькі ўнікальных самшытавых. Ёсць і сярэбраныя ўпрыгожванні, пацеркі, падвескі. «Золата не знайшлі», — зазначае кіраўнік раскопак. Але, як сцвярджаюць археолагі, шукаюць яны скарбы, перш за ўсё, не матэрыяльныя, а значныя для гісторыі.
Фота Алены КАЛЕНІК.