З 2 лютага 1926 г. упершыню полацкая газета поўнасцю перайшла на беларускую мову. У адным з ліпеньскіх нумароў была невялікая нататка. Вось урывак з яе: «…сялянства баялася, што пераводам «Чырвонай Полаччыны» на беларускую мову, газэта для іх будзе мала зразумелай, а выйшла якраз наадварот. Па-беларуску лепей, для многіх гэта стала добрым штуршком для вывучэння беларускай мовы. Ня страшна, ня цяжка свая родная мова, вялікі дзякуй «Чырвонай Полаччыне» за пераход цалкам на беларускую мову…».
Пераход на нацыянальную мову супаў з так званым працэсам беларусізацыі, у які Полаччына трапіла пасля далучэння яе да БССР. Гэты працэс быў даволі складаны. На старонках газеты неаднаразова ўздымаліся праблемы, з якімі сутыкаліся палачане ў той час, некаторыя паведамленні мелі сатырычны характар. Часам даходзіла нават да звальнення з працы і апублікавання на старонках «Чырвонай Полаччыны» прозвішчаў усіх звольненых. У адным з паведамленняў Акруговай нацкамісіі (старшыня Грушэўскі) было сказана наступнае: «Аргкамісіі нягледзячы на асоб правесці больш рашучую барацьбу з гэтай нядбайнасцю да белмовы. Трэба дабіцца ад кіраўнікоў устаноў больш спрыяючых і ўважлівых адносін да белмовы, бо беларуская мова — ёсць мова цэлай шматмільённай нацыі, якая мае сваю гісторыю і культуру» («Чырвоная Полаччына», № 48, 1928 г.)Рэдактарам «Чырвонай Полаччыны» ў той час быў Сцяпан Сямашка, таленавіты рабкоравец з Ветрыншчыны. На старонках полацкай газеты ў пасляваенны час ён пакінуў свае ўспаміны: «Не ўтаю, страшнавата было. Бо пісаць заметкі і артыкулы, гэта зусім не тое, што кіраваць газетай, тым больш не маючы спецыяльнай журналісцкай адукацыі. Прыйшлося і працаваць у газеце, і ўзмоцнена займацца самаадукацыяй у галіне газетнай справы…». На старонках «Чырвонай Полаччыны» можна было сустрэць матэрыялы не толькі на беларускай мове, але на польскай і на іўрыце. З 1920-х гг. у БССР было 4 дзяржаўныя мовы — беларуская, яўрэйская, польская і руская. Так як у Полацку пражывала вялікая колькасць яўрэяў, то паведамленні, асабліва на іўрыце, сталі неад’емнай часткай. Менавіта сярод яўрэяў было шмат і першых актывістаў-камсамольцаў Полацка. У 1928 г., калі адзначалася 10-годдзе з дня ўтварэння камсамола, у некалькіх нумарах змяшчаліся паведамленні пра першыя крокі камсамоліі на Полаччыне, пра недахоп важатых для піянераў… Цікава, што памочнікам камсамольцаў у 1920-я гг. павінен быў стаць… гармонік: «Гармонік — лепшы арганізатар моладзі ў вёсках. Камсамольцы павінны выкарыстоўваць яго са скрыпкай на сваіх вечарах, з’ездах, зрабіць сваю культурную працу больш жывой і вясёлай». На старонках полацкай газеты друкавалі тэксты песень, паведамленні аб нарадах гарманістаў па акрузе.У другой палове 1920-х гг. па ўсёй Беларусі стаў шырыцца краязнаўчы рух. У кожнай школе, кожным тэхнікуме ствараліся краязнаўчыя гурткі, аб’яднанні краязнаўцаў утвараліся ва ўстановах і на прадпрыемствах. У Полацку ў студзені 1925 г. таксама было створана краязнаўчае таварыства, матэрыялы аб дзейнасці якога пастаянна друкаваліся на старонках «Чырвонай Полаччыны». У той час вельмі запатрабавана было звярнуцца да сваіх каранёў, павысіць узровень нацыянальнай самасвядомасці. У хуткім часе адным з лозунгаў краязнаўцаў Полаччыны стала «Узяць рашучы курс на ўтварэнне як акруговага, так і раённага краязнаўчага музеяў». І вынікам той плённай працы стала адкрыццё ў снежні 1926 г. Акруговага краязнаўчага музея, які працуе і ў нашы дні.У 1920-х гг. на старонках газеты можна было знайсці і матэрыялы, прысвечаныя першым савецкім юбілеям — 10-годдзю савецкай міліцыі, 10-годдзю стварэння Чырвонай арміі і інш. Цэлая серыя матэрыялаў у той час была прысвечана 20-годдзю Першай рускай рэвалюцыі. Аказваецца, першымі, хто пачаў у Полацку змагацца за свае правы, былі… жанчыны, працоўныя бараначных цэхаў. Вясной 1901 г. яны вырашылі не выйсці на працу, бо ім забаранялася па ўласным выбары мяняць уладальніка пякарні. Была ўстаноўлена так званая «кругавая парука» — звольнілася з аднаго месца, у другім ужо на працу не ўладкуешся. Але пасля трох дзён забастоўкі, якую актыўна падтрымалі пражываўшыя ў той час у Полацку палітычныя ссыльныя металісты Рувім з жонкай і Цэмах, жанчыны дабіліся права на пераход да любога гаспадара і павышэнне заробку.З кожным годам Полаччына паляпшала сваё эканамічнае становішча, ствараліся новыя арцелі, адкрываліся новыя заводы, расла сетка ўстаноў адукацыі і медыцыны. У першай палове 1930-х гг. стрыжнёвай тэмай публікацый газеты быў будзённы клопат чалавека. Артыкулы паведамлялі аб будаўніцтве гідраэлектрастанцыі на рацэ Палата, аб дзейнасці чыгуначнага вузла, аб барацьбе сялян за атрыманне 100-пудовага ўраджаю. Гэты ўхіл быў характэрны для газеты і ў другой палове 1930-х, калі пасля адміністрацыйных зменаў выданне пачало выходзіць пад назвай «Бальшавік Полаччыны».
Актыўнымі прыхільнікамі перамен у час беларусізацыі былі маладыя супрацоўнікі газеты, якія прыехалі працаваць у Полацк з Мінску: Алесь Дудар, Алесь Звонак, Андрэй Александровіч. Яны склалі касцяк полацкай філіі літаратараў «Маладняк», утворанай у сакавіку 1925 г. на базе полацкага педтэхнікума. У хуткім часе вакол іх сталі збірацца такія ж маладыя і ініцыятыўныя людзі. У канцы 1925 г. філія налічвала ужо 18 членаў, іх вершы і апавяданні друкаваліся на літаратурнай старонцы «Чырвонай Полаччыны». Як для хуткай сувязі, так і з мэтай навучання адказы пачынаючым пісьменнікам друкаваліся ў рубрыцы «Паштовая скрынка».
Вось водгук маладнякоўцаў на першыя літаратурныя крокі Петруся Броўкі, у будучым вядомага беларускага пісьменніка, а ў 1920-я гг. супрацоўніка газеты: «Здольнасці пісаць у вас ёсць. Адно, што шкодзіць вашай творчасці гэта шаблённасьць. Вам трэба працаваць над сабой, як кожнаму пачынальніку, звяртацца да старэйшых паэтаў або маладнякоўцаў. Радзім вам звязацца з Полацкай філіяй «Маладняка», з восені (пасля адпачынку) яна распачынае сваю працу. Дасылайце свае творы…». («Чырвоная Полаччына», №77, 31.07.1926
Сапраўднай вучобай для пачынаючых паэтаў і пісьменнікаў з усёй Полацкай акругі былі з’езды, якія збіраліся рэгулярна. У выступленнях кіраўнікоў полацкай філіі адзначалася, што найбольш плённа працавалі гурткі маладых літаратараў у Расонскім, Валынецкім і Ветрынскім раёнах. У выніку многія вяскоўцы станавіліся новымі супрацоўнікамі газеты, а потым і вядомымі на ўсю краіну паэтамі і пісьменнікамі. Да ліку такіх адносіцца Эдуард Самуйлёнак. Ён пачаў друкавацца ў «Чырвонай Полаччыне» з восені 1928 г. Пасля дэмабілізацыі ў 1930 г. перайшоў на пастаянную працу ў газету літсупрацоўнікам. Многія ўспаміналі, што Э.Самуйлёнак быў вельмі старанны, заўсёды з павагай ставіўся да рабселькораў, ведаючы гэтую справу ў дэталях, часта чытаў маладым паэтам свае вершы і апавяданні.З 1926 г. на старонках газеты друкаваліся і вершы навучэнца полацкага педтэхнікума Тараса Хадкевіча. Пасля заканчэння вучобы яго запрасілі на працу ў рэдакцыю. Разам з Янкам Скрыганам, у будучым вядомым беларускім пісьменнікам і адным са стваральнікаў у 1970-я гг. Беларускай энцыклапедыі, яны апрацоўвалі заметкі, выконвалі абавязкі рэпарцёраў у горадзе, выязджалі ў раёны для арганізацыі матэрыялаў.
Газета цікавая чытачу, калі яна піша аб самым надзённым, аб тым, што турбуе людзей больш за ўсё, калі яна не баіцца крытыкі як у свой адрас, так і ў адрас іншых, у тым ліку кіраўніцтва. «Чырвоную Полаччыну» тады як раз і выдзяляла аб’ектыўнасць, рашучасць і настойлівасць. На старонках газеты крытычныя матэрыялы часта суправаджаліся карыкатурамі, а так як фотаздымкі ў той час амаль не друкаваліся, то гэтыя малюнкі разбаўлялі тэкст і выклікалі ў чытача зацікаўленасць у газеце.