Ва ўрочышчы Мацюшы сёння кіпела праца. Чатыры камбайны філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» ўбіралі жыта на плошчы 150 га. Ураджай вырас, каласы хіляцца долу.
На некалькі хвілін спынілася ўборка каласавых: на поле завіталі старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, дырэктар гаспадаркі Яўген Набебін, старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Акімава. Нагода прыезду — самая што ні ёсць прыемная: вадзіцель філіяла Уладзімір Норат стаў першым у Полацкім раёне перавозчыкам-тысячнікам, які ад камбайнаў на аўтамабілі МАЗ-650128 перавёз больш за тысячу тон зерня.
Уладзімір Норат расказаў, што для яго сёлетняя ўборачная кампанія — 13-я па ліку ў філіяле «Вясна-энерга». Перавозчыкам-тысячнікам ён стаў упершыню. У кузаў загружае за раз 18 т збожжа. Колькі рэйсаў давялося зрабіць, пакуль набралася тысяча! У маладосці яму даводзілася часта ўбіраць хлеб. У Варонічах калісьці на жніве быў перадавіком. Мужчына адзначыў, што жніўная пара для хлебаробаў — самая адказная і любімая, менавіта ў гэты час можна зарабіць грошай. І працаўнікоў палёў зусім не пужае тое, што пачынаецца праца на досвітку і заканчваецца познім вечарам. Для іх галоўнае, што ўраджай ёсць.
У адрас віноўніка ўрачыстасці гучалі словы падзякі за шчодрую працу на зямлі, старанне і адданасць хлебаробскай працы. Госці павіншавалі перадавіка моцным мужчынскім рукапацісканнем, уручылі памятныя падарункі ад прафсаюза філіяла.