На Беларусі засталося няшмат мясцін, жыхары якіх святкуюць Юр’е. Гэта свята народнага календара спрадвеку знаменавала сабой сапраўдны пачатак вясны. «Юрай зямлю адкрывае, расу выпускае!» — так казалі нашы продкі. Святы Юр’я — «Божы ключнік», бо ў яго знаходзяцца ключы, якімі ён замыкае зіму і адмыкае вясну, выпускае расу, благаслаўляе ўсё навокал: зямлю, людзей, жывёл.
На Полаччыне шануюць традыцыі продкаў і Юр’еў дзень святкуюць абавязкова. У гэтым годзе найбольш цікава і ярка адзначылі Юр’е ў аграгарадку Блізніца, як і патрабуюць традыцыі, зранку 6 мая. Нягледзячы на зусім ранні час, удзел у ім прынялі вакальны ансамбль «Харашуха» Вароніцкага сельскага клуба, фальклорны калектыў «Блізнянка» Сільніцкага СДК, артысты Полацкага раённага Цэнтра культуры, жыхары Вароніцкага сельсавета і працаўнікі УП «Блізніца».
Спрадвеку Юр’еўская раса мае незвычайную сілу, надае здароўе, красу і шчасце. Вось і госці нашага свята атрымалі незвычайную магчымасць умыцца ёю, а самыя смелыя нават пакачацца. Пакуль дзяўчаты збіралі Юр’еўскую расіцу ў жбаночак, каб зберагчы яе і выкарыстоўваць ад усіх бед і хвароб увесь год, паліліся песні і закружыўся карагод.
Спачатку госці сабраліся на двары мясцовай фалькларысткі Вольгі Станіславаўны Чобат. «Зараз мы ўпрыгожым каравай і пойдзем на поле, трэба зрабіць усё па закону, як трэба, давайце на рушнічок пасеем пшанічкі, каб нам Бог аддачу даў!» — з такімі словамі і разам з моладдзю старэйшыя жанчыны прыбралі духмяны каравай галінкамі бярозкі, кветкамі і лентамі. А каб ва ўсіх прысутных (і ў мясцовай гаспадарцы таксама) грошы вяліся, пад яго паклалі манетку і разам заспявалі святочную песню. Праз «ручаёк» з рушнікоў уся працэсія адправілася на поле: наперадзе ішла дзяўчына з упрыгожанай зоркай, хлопцы з іконай і караваем. А за імі — жанчына з граблямі, на якія прымацавалі зялёны фартух — сімвал некранутай раллі.
На поле ўсе таксама заходзілі праз варотцы з рушнікоў, прыгаворваючы словы:
«Ой, прыйшлі на поле, дай папросім Бога
Адамкнуць зямліцу, выпусціць расіцу,
Ой, памажы, Божа, Юр’я заклікаці,
Юр’я заклікаці, вясну заспяваці».
На Юр’е абавязкова трэба закапаць у зямлю велікоднае яйка, каб зярняткі з новага ўраджаю былі такімі ж цэленькімі і поўненькімі. Калі ўсе абрады на полі былі выкананы, зямля адкрылася для сельскагаспадарчай працы, зялёны фартух урачыста быў паменены на чырвоны. І ўсе прысутныя адправіліся на мясцовую ферму УП «Блізніца» з вясёлымі песнямі, каб павіншаваць са святам Юр’я яе працаўнікоў.
Старшыня Вароніцкага сельвыканкама Уладзіслаў Яўгенавіч Высоцкі і дырэктар гаспадаркі Эдуард Браніслававіч Піліпёнак далучыліся да агульных віншаванняў і пажадалі ўсім прысутным здароўя.
А каб яно прыбыло, на ўсіх папырскалі гаючай Юр’еўскай расой, якую сабралі раніцай на полі. Даяркам, пастухам і іх кароўкам на Юр’еў дзень — асаблівая павага. Даярачкі атрымалі па яечку, каб іх кароўкі былі заўсёды кругленькія і сытыя, як гэтыя яйкі. Пастухі прадэманстравалі, як па-майстэрску яны абыходзяцца з пугай, за што іх пачаставалі традыцыйнай яечнай кашай, каб дужэйшымі і трывалымі былі. І зноў усіх закружыў Юр’еўскі карагод.
На полі пасвіліся задаволеныя кароўкі, свяціла сонейка, настрой ва ўсіх быў сапраўды веснавы. З такім настроем усе справы заладзяцца, і надоі павялічацца, і ўраджай будзе добрым, і жывёла моцнай. Са святам Юр’я!
Кацярына Паўловіч,
рэдактар Полацкага РЦК.
Фота Вольгі Фёдаравай.