На Полаччыне прайшла акцыя «Вандруй! Адчуй! Натхняйся!» па папулярызацыі ўнутранага турызму Рэспублікі Беларусь. Яна прадугледжвала знаёмства і бясплатнае наведванне музеяў, санаторыяў, аграэкасядзіб, аб’ектаў харчавання і пражывання.
Насычаную праграму для гасцей падрыхтавалі турыстычныя аб’екты Полацка і Полацкага раёна. Аматары вандровак паглыбілі свае веды пад час наведвання музеяў, экскурсій, прынялі ўдзел у спартыўных праграмах, захапіліся беларускім пачастункам у некалькіх полацкіх кафэ.
Пашыраны асартымент страў беларускай кухні быў прадстаўлены ў кафэ «Спатканне» ААТ «Полацк-гандаль». Афіцыянты Юлія Францава і Ганна Паўленка, апранутыя ў прыгожыя беларускія касцюмы, абслугоўвалі гасцей у прыўзнятым настроі. У кафэ грала народная музыка. Дзень беларускай кухні наведалі 18 гасцей. Усе былі прыемна здзіўлены створанай атмасферай, тэматычнай сервіроўкай сталоў і з задавальненнем частаваліся стравамі, прыгатаванымі з любоўю.
Паўсотні гасцей пабывалі ў сталовай «Чабор» гэтага ж гандлёвага прадпрыемства. І тут панавала святочная атмасфера з музыкай. Турысты і палачане заказвалі знаёмыя і новыя беларускія стравы і напоі, шчыра дзякавалі працаўнікам сталовай за прыемны сюрпрыз у выглядзе Дня адчыненых дзвярэй.
Магчымасцю прыйсці на бясплатныя экскурсіі ў Мастацкую галерэю і на стацыянарную выставу «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» (Домік Пятра І) скарысталіся 56 і 63 чалавекі адпаведна. 25 жыхароў Полацка і Наваполацка адкрылі для сябе турыстычны комплекс «Званае», наведаўшы Дзень адчыненых дзвярэй. 25 старшакласнікаў з Полацка даведаліся шмат цікавага пра родныя мясціны на экскурсіі «Легенды Полацкай зямлі», якую правяла экскурсавод Ларыса Яцкевіч. Цікавай для 32 экскурсантаў была міні-экскурсія «Размова з механічнай галавой і ўніверсітэцкі дворык».
На Дзень бліноў з бульбы ў прыватнае кафэ «Даміан» прыйшлі 40 гасцей, якія дзівіліся на багатае меню і з задавальненнем частаваліся. 30 чалавек абслужылі ў той жа дзень у кафэ «Раздолъ», дзе для гасцей правялі экскурс у гісторыю стварэння кропкі грамадскага харчавання і бясплатна пачаставалі ўсіх жадаючых беларускай салянкай.
25 аматараў актыўнага турызму сталі ўдзельнікамі спартыўна-турыстычнай праграмы «Аб’ядноўваючы берагі старадаўняга Полацка». Яшчэ 40 чалавек мелі жаданне прыняць удзел у сплаве на байдарках па Заходняй Дзвіне. Цікавым мерапрыемствам стала праходжанне духоўна-патрыятычнага маршруту з элементамі скандынаўскай хады «Памяць у нашым сэрцы», прысвечанага Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — 81-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у якім прынялі ўдзел 28 турыстаў.
Вялікая колькасць мерапрыемстваў акцыі «Вандруй! Адчуй! Натхняйся!» дазволіла палачанам і гасцям горада ўбачыць Полацк крыху іншым, чым ён бывае ў паўсядзённым жыцці.
Фота з архіва аддзела спорту і турызму Полацкага райвыканкама.