Лета для аграрыяў Полаччыны заўсёды гарачая пара. А ў гэтым годзе асабліва. Але гэта не замінае вяскоўцам шчыраваць пад ліпеньскім сонцам на палях. Пачалося жніво, як заўседы з азімага рапсу. Першымі ў районе да ўборкі алейнай культуры прыступілі ў ДП “Астроўшчына”. На гэтым тыдні наш рэдакцыйны экіпаж пабываў на палях гаспадаркі.
Калі мы прыехалі ва ўрочышча “Сарокі” жніво ішло поўным ходам. Негледзячы на спёку, аграрыі ўзялі добры тэмп.
–Агульная плошча, занятая пад азімы рапс, 250 га. Мы ўжо ўбралі 114 га і намалацілі 173 тоны. Ураджайнасць у гэтым годзе складае 15,2 ц/га. Дзяржзаказ — 220 тон рапсу, – расказала аграном гаспадаркі Наталля Глебка.
Камбайнер гаспадаркі Уладзімір Глебка лоўка спраўляецца з тэхнікай, яго GS 12 А1 плыве па полі, як карабель. Для хлопца гэта ўжо трэцяя ўборачная. Пара жніва для маладога механізатара адна з любімых.
На адвозцы алейнай культуры задзейнічаны МТЗ-3022, кіруе трактарам Вячаслаў Леньшын.
-Жніво для мяне ўжо не першае, і на камбайне даводзілася працаваць, і на адвозцы. У гаспадарцы я з 2014 года. Лета – магчымаць атрымаць добры заробак, – падзяліўся механізатар.
Кіроўца Аляксандр Шамёнак на МАЗе таксама адвозіць ад камбайнаў рапс. Мужчына ў гаспадарцы 30 год. На пытанне ці падабаецца працаваць на жніве, жартуе:
–Каб была гэта справа недаспадобы, пайшоў бы працаваць у іншае месца, напрыклад, у міністэрства.
У гарачую пару жніва для працаўнікоў арганізаваны падвоз абедаў і халодных напояў, камбайнеры і вадзіцелі забяспечаны вадой.
Доўга адцягваць увагу аграрыяў мы не сталі, бо ў гарачую пару жніва кожная хвіліна на рахунку.