Жніво пачалося! Гэтая радасная навіна абудзіла на мінулым тыдні ваколіцы Астроўшчынскага сельсавета.
У поле выехалі экіпажы камбайнаў, каб сабраць ураджай збожжавых і зернебабовых да апошняга зярнятка. Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Ярахновіч расказаў, што ў іх гаспадарцы сёлета адказная ўборачная кампанія пачалася ўрачыста. Святочны настрой камбайнерам стварылі работнікі мясцовага клуба, якія прыехалі ў поле, упрыгожылі камбайны, спявалі душэўныя песні з пажаданнямі ўдзельнікам жніва моцнага здароўя, высокіх намалотаў і прапанавалі дырэктару ДП «Астроўшчына» перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку перад пачаткам жніва-2017.
Учора разам з лепшым экіпажам камбайна «КЗС-1218» прадпрыемства «Астроўшчына» ў складзе камбайнера Леаніда Станкевіча і памочніка камбайнера Міхаіла Мароза мы вялі гутарку пра першыя вынікі працы ў полі. Вопытныя механізатары пачалі жніво з уборкі пшаніцы ва ўрочышчы Латкоўшчына плошчай 25 гектараў. Працавалі два дні, у першы намалацілі 43 тоны. «Гэты вынік — добры. Ураджай вырас нядрэнны, але на многіх палях збожжа яшчэ не саспела. Калі будзе надвор’е — перспектывы сёлетняй уборачнай абнадзейваюць. Магчыма, у нас будуць экіпажы-тысячнікі», — разважаў Леанід Станкевіч.
Звычайна яго прадказанні збываюцца. Таму што абапіраецца Леанід Ільіч на вялікі працоўны вопыт, які назапасіў за 17 гадоў працы на палях ДП «Астроўшчына». Гляне вопытным вокам на поле і скажа, якія будуць намалоты. Ужо некалькі ўборачных запар ён працуе ў пары з Міхаілам Марозам. «Надзейны памочнік на камбайне — палова поспеху. Мы абодва — прафесіяналы, механізатары першага класа, тэхніку ведаем дасканала. Калі якая праблема з камбайнам здараецца ў полі — адразу рэагуем, ведаем, у чым прычына. У любы момант памочнік можа сесці за руль камбайна — гэта важна ў дасягненні поспеху. Мы падчас працы ў полі разумеем адзін аднаго без слоў», — нахвальваў калегу Леанід Станкевіч. Іх экіпаж апошнія гады напрацягу ўборачных заўсёды ў ліку лепшых у Полацкім раёне. На пытанне, ці цяжка ўтрымліваць лідарскія пазіцыі, працавітыя мужчыны адказалі: «Пра гэта не думаем. Працуем адказна, стараемся. Хочацца не толькі хутка, але і якасна ўбраць ураджай».
Перад пачаткам уборкі хлеба камбайнерам уручылі пакет дакументаў, дзе даведзены заданні, нагадалі пра абавязковае захаванне правілаў тэхнікі бяспекі. Працаўнікі палёў настроены на сур’ёзную працу з ранку да позняга вечара. Кіраўніцтва гаспадаркі забяспечыла ім умовы працы, двухразовае харчаванне. «Скардзіцца няма чаго. Працуй, зарабляй грошы! Канешне, не ўсё, але вельмі многае залежыць ад стаўлення да працы», — падсумаваў нашу размову Леанід Станкевіч.
Перадавік жніва не толькі першы на працы, ён яшчэ і дбайны гаспадар, добры сем’янін. З жонкай Марынай выхавалі дачку і сына. Віялета падарыла дзядулю з бабуляй унучку Стэфанію, 10-гадовы Стас кожны дзень просіць бацьку ўзяць яго з сабой у поле. У сям’і Станкевічаў амаль два дзясяткі гадоў пануюць мір і згода. На такіх моцных сем’ях і працавітых людзях трымаецца беларуская вёска.