На Полаччыне пачалася пасяўная кампанія-2018

Главное Заботы сельские

14 красавіка, на Полаччыне абрадам «Засеўкі» пачалася пасяўная кампанія-2018. Традыцыйна, ужо 11 год запар, пачатак сяўбе паклаў малебен. Ва ўрочышча Чарнаручча філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» з’ехаліся на чале з кіраўніком раённай выканаўчай улады Мікалаем Шаўчуком спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу райвыканкама, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна, прафсаюзныя лідары.

У малебне, прымеркаваным да значнага свята земляробчага календара, які ў суправаджэнні пеўчых правёў настаяцель Свята-Пакроўскай царк­вы г.Полацка айцец Уладзімір (Рацьковіч), прынялі ўдзел галоўныя героі ўрачыстасці — працаўнікі палёў філіяла «Вясна-энерга».
Мікалай Шаўчук адзначыў, што Полацкі раён падышоў да пасяўной у стане поўнай гатоўнасці: хапае тэхнікі, паліва, угнаенняў, арганізавана харчаванне ўдзельнікаў пасяўной. Паколькі глеба падсыхае з кожнай га­дзінай — праца ў полі будзе весціся з 6.00. Каб выканаць даведзенае заданне ў кароткі тэрмін, будуць арганізаваны начныя змены.
Айцец Уладзімір павіншаваў прысутных са светлым святам Вялікадня, адзначыў, што сёлета пасяўная пачынаецца ў велікодныя дні — гэта добры знак для працуючых у полі: сяўба будзе весціся з дапамогай Божай. Святар пажадаў кожнаму пачынаць дзень з малітвы — каб здзяйсняліся планы і не падводзіла здароўе.


Галоўны аграном філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Ганна Грышкевіч паведаміла, што ў іх філіяле пад яравую сяўбу адведзена пло­шча 1055 га, трэба ўнесці 28 тысяч тон арганікі, пасадзіць 50 га гародніны, 60 га бульбы. На днях пачнецца высадка ранняй капусты ў адкрыты грунт, а сяўбу вясноўцы пачалі з зернебабовых. Да раённых «Засевак» паспелі засеяць плошчу ў 16 гектараў. Ганна Генрыкаўна выказала вялікую надзею на спрыяльнае надвор’е, каб сёлетняя пасяўная была хуткай і дружнай.


Артысты фальклорнага гурта «Галасы Спадчыны» Багатырскага СДК аднавілі народны абрад «Засевак»: зайграў гармонік, далёка па наваколлі панесліся беларуская песня і пажаданні ўрадлівасці зялёнай нівы. У абрадавых элементах, якія, па народных павер’ях, спрыялі поспеху ў працы, бралі ўдзел дырэктар філіяла «Вясна-энерга» Сяргей Фамін, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Баратынскі, дырэктар ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Васіль Хамёнак і механізатар філіяла «Вясна-энерга» Іван Молакаў. Па народнай традыцыі ў белых кашулях, з заторкнутымі за паясы сякерамі (каб ураджай быў такіх вялізных памераў, што для яго ўборкі спатрэбілася б сякера) сейбіты ўручную са словамі «Блаславі, Госпадзі, нам пачаці» засеялі частку поля. Гэтым элементам народнага свята на Полаччыне афіцыйна пачалася пасяўная-2018.



Tagged