На Полацкім камбінаце хлебапрадуктаў працягваецца нарыхтоўка збожжа новага ўраджаю.
У адной звязцы працуюць спецыялісты не толькі Полацкага КХП, але і работнікі вытворчых участкаў, размешчаных у Верхнядзвінску, Паставах, Шуміліне. У планах прыняць у лік дзяржзаказу 47 тысяч тон харчовага збожжа пшаніцы, жыта, ячменю.
У перыяд актыўнай уборачнай кампаніі калектыў працуе кругласутачна. Прадпрыемствам таксама заключана 30 дагавораў на дастаўку збожжа (у мінулым годзе было 18). На камбінаце маецца 15 адзінак уласнай тэхнікі, якая і днём, і ноччу дастаўляе збожжа на элеватар. «Працуем аператыўна, — адзначае генеральны дырэктар
ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Аляксандр Ярахновіч. — У лабараторыі вызначаюцца якасць, вільготнасць, гатунковасць збожжа. На камбінаце яно апрацоўваецца, высушваецца, даводзіцца да стойкіх кандыцый захоўвання».
Тэмпы ўборачнай паскараюцца. Сёлета чакаецца добры ўраджай, а значыць, нагрузка на работнікаў камбіната хлебапрадуктаў узрасце ў разы. Дадаткова падчас актыўнай нарыхтоўкі прыцягнута 30 чалавек. Магутнасці перапрацоўчага прадпрыемства разлічаны на захоўванне 32,6 тысячы тон збожжа.