У аўторак на бягучым тыдні поўным ходам ішла ўборка кукурузы на адным з палёў УП «П-С Карпекі». Гэты далікатэс для жывёлы тут убіраюць і захоўваюць старанна, з улікам тэхналогіі, бо разумеюць, што сумесь кукурузы, сенажу і камбікорму — высокаякасны корм для жывёлы. Статак у гаспадарцы — паўтары тысячы галоў, усіх рагуль трэба накарміць.
Сярэдняя ўраджайнасць гэтай кармавой культуры — больш за 300 цэнтнераў з гектара (у мінулым годзе была 234). На некаторых участках — яшчэ вышэй. Пад «царыцу палёў», як часам называюць кукурузу, аддалі плошчу 200 гектараў.
Кукуруза сёлета ўрадзіла дзякуючы дружнай працавітай камандзе, якая шчыравала і даглядала яе ў полі і зараз убірае. Добры ўраджай — вынік працы галоўнага агранома Анатоля Рубніковіча, а таксама механізатараў і вадзіцеляў: Віктара Шчэрбіка, які сеяў кукурузу, Барыса Глебкі, які пратраўліваў, Мікалая Мароза, які ўбірае, Юрыя Зевальта і Ігара Мосіна, якія працавалі на ворыве і падрыхтоўцы глебы, Андрэя Талстых, які падвозіў насенне і зараз адвозіць зялёную масу кукурузы.
Паралельна з уборкай кукурузы, дзе задзейнічаны камбайн і тры трактары на адвозцы, у гаспадарцы ідзе сяўба азімых культур. План — 450 га, з іх 280 — засеяна.